Суздальцаў: Суверэнітэт Беларусі – сусветныя кошты на энерганосьбіты


Лукашэнка ў Сочы катаецца ўсё так жа без Пуціна. Тым часам у Маскве сустрэліся Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў. Ці сустрэча на міністэрскім узроўні дапаможа развязаць зацяжны канфлікт паміж краінамі? Шмат хто з экспертаў упэўнены, што непаразуменне ляжыць менавіта на ўзроўні кіраўнікоў краінаў. Але гульня ў хованкі працягваецца.

Магчыма, кіраўнік Беларусі акурат і не хацеў сапсаваных вечароў на сочынскім курорце ў кампаніі прэзідэнта Расеі, а душа проста прасіла адпачынку на лыжных спусках. Але ўласна Крэмль зрабіў крок на апераджэнне і паспяшаўся запэўніць, што сустрэчы кіраўнікоў Саюзнай дзяржавы не будзе.

«Гэта тое ж самае імкненне працягваць гэты гандаль з пазіцыі моцнага, прымусіць Лукашэнку, што называецца чакаць у прыёмнай, прымусіць Лукашэнку нервавацца і па магчымасці можа быць зніжаць свае патрабаванні», – тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Братоў» падзяліла нафта

Пакуль жа пагаварылі толькі кіраўнікі МЗС дзвюх краінаў Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў. У Маскве яны абмяркоўвалі, акрамя інтэграцыйных клопатаў, і 25-цігадовы юбілей дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй. «Свята» з прысмакам горычы, бо апошні год гэтага перыяду адзначыўся асабліва вострымі харчовымі і паліўнымі канфліктамі. Паводле прэмʼер-міністра Беларусі, праз недапастаўкі нафты з Расеі Беларусь згубіла 1.5 % ВУПу.

Пакуль выхад шукаецца навобмацак і не вельмі ўдала. З Ірану паставяць усяго адзін танкер, а Азербайджан увогуле адмовіўся прадаваць нафту ў Беларусь паводле коштаў, запрапанаваных Менскам.

«Заўсёды гэтыя прыклады, была гэта азербайджанская, ці венесуэльская, ці іранская нафта былі разавымі і пераважна палітычнымі, а не эканамічнымі. Менск гаварыў Маскве, што калі не знойдзеце для нас лепшыя ўмовы па нафце, то мы знойдзем яе ў іншых месцах. Але заўсёды аказвалася, што гэтая нафта, нават з танных краінаў, выходзіла даражэй», – распавядае Віталь Цыганкоў.

Ці Расеі шкада губляць такі рычаг уплыву на Менск, як танныя энерганосьбіты?

Як кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў, Масква нібыта толькі і радая гэтую нафту замест Беларусі аддаваць за сусветныя кошты іншым краінам.

«Абсалютна канкрэтнае меркаванне расейскай экспертнай супольнасці. Мы абедзвюма рукамі падтрымліваем такі крэн Лукашэнкі і расейскіх уладаў – набываць нафту на сусветным [рынку]. Я заўсёды выступаю за суверэнітэт Беларусі, мая пазіцыя вельмі жорсткая: незалежнасць адпавядае сусветным коштам на энерганосьбіты», – зазначае спадар Суздальцаў.

Безумоўная любоў хаўруснікаў не вернецца і далей

Расея з Беларуссю гаворыць усё больш з пазіцыі ўльтыматумаў, а не прапановаў. Пагатоў плаціць за хісткую інтэграцыю ва ўмовах крызісу Крамлю стала цяжэй. Але выходзіць на выключна эканамічную плашчыню супрацы, без братэрска-інтэграцыйнага флірту, пакуль не гатовая ні Масква, ні Менск.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Фота: Радыё Свабода