«Суверэнны інтэрнэт» у Расеі можа негатыўна адбіцца на сусветным інтэрнэце


1 лістапада ў Расеі набывае моц закон аб «Суверэнным інтэрнэце». Афіцыйна закон павінен адгарадзіць расейскі інтэрнэт ад вонкавых пагрозаў. Аднак адмыслоўцы кажуць, што ён дапаможа Крамлю не з вонкавымі пагрозамі.

У выпадку канфлікту з краінамі Захаду Расеі зможа дапамагчы суверэнны інтэрнэт – упэўненыя ў расейскім парламенце.

«Мы што, павінныя паказаць сваю безабароннасць, калі час Х прыйдзе? Мы мусім зрабіць усё дзеля таго, каб папярэдзіць і гарантаваць бяспеку», – казала старшыня рады Федэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка.

Але прыкрываючыся абаронаю ад вонкавага ворага, улады Расеі атрымаюць шырокі кантроль над інтэрнэтам. Цяпер аператары сувязі павінныя ўсталяваць дзяржаўную апаратуру на пунктах абмену трафікам унутры краіны і лініях сувязі, якія перасякаюць мяжу з Расеяй. Тых, хто не пагодзіцца, могуць адключыць ад сусветнага павуціння.

«Мы можам убачыць у хуткім часе масавыя шатдаўны ў рэгіёнах, калі людзі выйдуць на мітынгі ды акцыі пратэсту. Але, каб у які-кольвек момант можна было націснуць гузік у кабінеце Пуціна і адключыць увесь інтэрнэт у Расеі, я думаю, малаверагодна, гэта тэхнічна вельмі цяжка рэалізаваць», – мяркуе кіраўнік «Раскамсвабоды» Арцём Казлюк.

Выдаткі на адмысловае абсталяванне ўскладуць на правайдараў. Эксперт кажа, што ініцыятары закону пакуль самыя напоўніцу не разумеюць, да чаго можа прывесці тэхнічнае ўмяшанне ў расейскую сетку.

«Гэтая мадэль можа рухнуць пад сваёй вагою, будуць ладзіцца незапланаваныя блакаванні нават тэхнічных сэрвісаў, якія выкарыстоўвае сама дзяржава. Расея пранізаная оптавалакном, і таму ўплыў на інтэрнэт унутры Расеі негатыўна адаб’ецца на ўсім інтэрнэце ў свеце. Паводле аналогіі, калі б Расея вырашала перакрыць паветраную прастору», – кажа Арцём Казлюк.

Нягледзячы на негатыўныя прагнозы, ёсць шанец, што закон на практыцы акажацца не такі суровы.

Напрыклад, мэсэнджар «Тэлеграм», які расейскія ўлады спрабуюць блакаваць амаль два гады, працягвае працаваць на тэрыторыі Расеі. Больш за тое, дзякуючы своеасаблівай «рэкламе» з боку дзяржавы «Тэлеграм» набыў новых прыхільнікаў сярод расейцаў.

Глеб Белячэнка, Ян Вярбіцкі belsat.eu