Суткі, штраф і крымінальная справа. Чым закончыўся інцыдэнт з АМАПам у Маладзечна


Відэа гэтага інцыдэнту ў Маладзечне абляцела ўвесь байнэт. Мінакі спрабавалі абараніць хлопцаў ад АМАПу падчас пятнічнай акцыі ланцуг салідарнасці. Тады затрымалі Мікалая Алейніка. Яго мінакі абараніць не паспелі, і міліцыянты затаўклі хлопца ў мікрааўтобус.

«Закінулі туды ўніз, на падлогу, тварам уніз. Гледзячы па ўсім, там было шмат людзей. І перыядычна наносілі ўдары ў бок, ногі, рукі, нос», – кажа Мікалай Алейнік.

Суддзя Маладзечанскага раённага суда Вольга Дубовік без тлумачэнняў не дазволіла Мікалаю мець у працэсе ў якасці абаронцы свайго брата. Пацярпелы АМАПавец сцвярджае, што хлопец хапаўся за ягоную форму і ўпіраўся нагамі пры затрыманні.

«Дадзены грамадзянін выкрыкваў розныя лозунгі кшталту «Выпускай», «Ганьба», «Стоп таракан», размахваў рукамі, здымаў гэта ўсё на камеру, заводзіў натоўп, гучна апладзіраваў і крычаў», – кажа Яўген Баранаў, пацярпелы АМАПавец.

Суддзя прызнала Мікалая вінаватым паводле абодвух артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыянтам. Яна пакарала Алейніка пятнаццаццю соднямі арышту. У хлопца ёсць 5 дзён, каб абскардзіць гэтае рашэнне.

«Кепская робяць і суддзі і міліцыя. Трэба ж неяк прыслухоўвацца да народу. Не адзін жа ён там выйшаў. Я гляджу, што і ў Менску адбываецца», – кажа маці Галіна Алейнік.

Другога ўдзельніка інцыдэнту, музыку Андрэя Багамолава, затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля патасоўкі. Хлопец выйшаў па цыгарэты, а адправіўся ў мясцовае аддзяленне міліцыі. Там ён правёў выходныя.

«Я разумею сітуацыю і прыблізна знаёмы з тым, як звычайна паступаюць суддзі ў гэтых выпадках. Хутчэй за ўсё, ім ужо ўсё даклалі, і ўсе гэтыя рашэнні ўжо даўно былі прынятыя. Я гатовы да горшага», – кажа Андрэй Багамолаў.

У Андрэя Багамолава ў выніку 7 содняў адміністратыўнага арышту. Яшчэ адному ўдзельніку патасоўкі – Паўлу Пяскову – ужо выставілі абвінавачанне паводле другой часткі артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу, «Супраціў міліцыянту з ужываннем гвалту або з пагрозай ужыць ґвалт». Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Да суда яго адпусцілі пад хатні арышт.

«Калі я быў на ІЧУ, была такая інфармацыя, што быццам бы супрацоўнік, каторы, як мы заўважылі сёння на судзе, выдатна сябе адчувае, не на бальнічным, а на сваім працоўным месцы», – расказвае абвінавачаны Павел Пяскоў.

Паўла таксама яшчэ ўчора асудзілі паводле артыкулу 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі штрафам памерам 1350 рублёў.

Наста Кахановіч, «Белсат»