«Сумленных людзей» у выбарчыя камісіі не пусцілі


Сёння – апошні дзень фармавання ўчастковых камісіяў. Менавіта яны будуць лічыць нашыя галасы на прэзідэнцкіх выбарах. Удзельнічаць у падліку пажадалі сотні палітычных актывістаў і тысячы прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Аднак колькі з іх дапусцілі ў склад камісіяў?

70 тысячаў чалавек, або па 12 чалавек на выбарчы ўчастак – столькі людзей падалі дакументы, каб стаць сябрамі ўчастковых выбарчых камісіяў. Ад апазіцыйных партыяў вылучыліся ўсяго 545 асобаў. Тысячы беларусаў заяўляліся індывідуальна. Аднак у апошні дзень рэгістрацыі іх чакала расчараванне.

«Ніякіх заўвагаў не было, усё з паперамі добра, усе былі ветлівыя, добрыя, усміхаліся, але прагаласавалі чамусьці супраць. Можа, не ведаюць мяне, можа, не гатовы я яшчэ да такіх адказных дзеянняў», – распавёў стваральнік праекту downshifter.by Уладзіслаў Юркоў.

У выбарчую камісію Валожынскі райвыканкам выбраў людзей, якіх ён добра ведае: прадстаўнікоў праўладных прафсаюзаў, працоўных калектываў і «Белай Русі». Гэта тыя ж асобы, якія лічылі галасы на мінулых парламенцкіх выбарах.

«Камісіі цалкам фармуюцца органамі дзяржаўнай улады, то бок гэта ўзурпацыя выбарчага працэсу такім механізмам. Адпаведна, мы ўжо бачылі прыклад Фрунзенскага раёну, калі яны забыліся выключыць камеру, і мы пачулі, як там адбываецца абмеркаванне кандыдатураў», – тлумачыць удзельнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Сігаеў.

Гледачы жывога эфіру маглі пачуць, на якой падставе адміністрацыя Фрунзенскага раёну Менску адмовіла ў праве лічыць галасы навучэнцу Гарварду Максіму Багдановічу:

«Калі восем «за», а адзін будзе «супраць»? Гэта ж не страшна?» – «Не, нармальна, нармальна». – «Галоўнае, каб не за таго…»

Онлайн адмовілі ў праве лічыць галасы і журналістцы Кацярыне Сінюк.

«Называецца прозвішча, а затым гучыць: «за», «супраць», «устрымаўся»; «за», «супраць», «устрымаўся». Атрымалася медытатыўны рытуал, ад якога, шчыра кажучы, можна было заснуць. І немагчыма было зразумець, па якой прычыне не бяруць або бяруць», – распавядае Кацярына Сінюк.

Дзве тысячы грамадзянаў скарысталіся платформаю «Честные люди», каб падаць заявы на ўлучэнне ў 1150 выбарчых камісіяў. Такім чынам, чалавек, які заяўляў, што будзе сумленна лічыць галасы, мог бы з’явіцца на кожным пятым участку ў краіне. Аднак…

«Паводле нашых звестак, зарэгістравалі менш за дзесяць чалавек – здаецца, дзевяць. З іх толькі два чалавекі знаходзяцца ў Беларусі. Усе астатнія – гэта ўчасткі пры амбасадах, якія знаходзяцца ў іншых краінах», – паведаміў прадстаўнік платформы «Честные люди».

Цяпер платформа заклікае людзей запісвацца ў назіральнікі. Ці грамадскі ціск прымусіць сябраў участковых выбарчых камісіяў лічыць сумленна?

«Калі гэтым людзям у выбарчых камісіях не будуць падаваць рукі, будуць выказваць пагарду за тое, што яны робяць, за тое, што яны могуць зрабіць 9 жніўня, калі яны будуць адчуваць, што гэты ціск не адзінкавы, не выпадковы, а масавы і паўсядзённы, тады сапраўды можа нешта змяніцца», – мяркуе аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Наступны этап выбарчай кампаніі – рэгістрацыя кандыдатаў. Яна распачнецца ўжо праз 10 дзён.

Аляксандр Папко, «Белсат»