Суды за салідарнасць працягваюцца па ўсёй Беларусі


Ланцуг салідарнасці быў такі доўгі, што дагэтуль працягваюцца суды над яго ўдзельнікамі. Судзяць і тых, хто выйшаў на вуліцу 3 ліпеня. Павялічыўся таксама спіс палітзняволеных. Праваабаронцы ўключылі ў яго яшчэ дваіх сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. А Следчы камітэт прызнаў пацярпелай… Лідзію Ярмошыну.

Новапрызнаныя палітзняволеныя – каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Дзмітрый Карак, а таксама сябра ініцыятыўнай групы ды былая асабістая памочніца банкіра – Алена Карагачова. Гэтак цяпер спіс палітвязняў Беларусі налічвае 24 асобы. Шэраг пацярпелых ад палітычнага пераследу – значна большы.

«Так ужо традыцыйна склалася, у спіс уключаем толькі тых, хто ў следчых ізалятарах ці ізалятарах часовага ўтрымання паводле крымінальных справаў, бо гэта доўгатэрміновая ізаляцыя – больш як два месяцы. Два месяцы – мінімальны тэрмін следства», – кажа намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

З пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы зафіксавалі больш за 600 выпадкаў затрыманняў. Больш за 100 асобаў – зазналі адміністратыўныя арышты. Пераслед працягваецца. Гэтак, сёння адміністратыўны працэс міліцыя распачала ў дачыненні каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Віцебску – Уладзіміра Кійко. Удзень мужчына пайшоў у аддзяленне, каб даць паказанні, ды не вярнуўся.

«Ні лічбы, наконт якіх яго выклікалі, ні самая справа, ні артыкул, нічога не ўказана», – распавядае брат затрыманага Яраслаў Кійко.

Як высветлілася пазней – яго затрымалі да суда за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. А ў Магілёве суд Ленінскага раёну разглядаў справу 26-гадовага Глеба Будкова за нібыта арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства – пікету салідарнасці 3 ліпеня. Маладзён сцвярджае, што быў адзін. Накінуў на сябе бел-чырвона-белы сцяг ды гэтак глядзеў канцэрт і выстаўленыя на плошчы карціны.

«Затрымалі мяне з-за бел-чырвона-белага сцяга, бо, як мне патлумачылі ўжо ў ізалятары, калі б я быў з беларускім сцягам, мяне б не затрымлівалі. А затрымалі мяне, калі я паліў на лавачцы», – кажа затрыманы магілёвец Глеб Будкоў.

З суботы да сённяшняга паседжання ў судзе Глеб правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Там – сустрэў свой дзень народзінаў. Вынесці рашэнне маладзёну, аднак, суддзі не хапіла падставаў. Справу вярнулі ў РАУС на дапрацоўванне.

«Відавочна, што ніякага складу правапарушэння тут няма. Чалавек проста выйшаў са сцягам. І ў нас вельмі шмат людзей, якія ходзяць з рознымі сцягамі, – з расейскімі, з ЛГБТ, і іх ніхто не чапае. Гэта проста такі выпадак, калі ўлады перад прэзідэнцкімі выбарамі спрабуюць перастрахавацца», – кажа праваабаронца праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Райкан.

Сёння стала вядомае рашэнне суда – 405 рублёў штрафу – для сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай са Скідзелю – Яўгена Клімука. Яго пакаралі за тое, што ехаў на аўтамабілі са сцягам «Страна для жизни».

«Улады застрашваюць грамадства, яны дэманструюць выключна сілавыя падыходы пры правядзенні выбарчай кампаніі, у тым ліку – планы на збіццё магчымых хваляў мірных пратэстаў, у тым ліку – у поствыбарчы перыяд», – лічыць намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Пры гэтым, паводле Валянціна Стэфановіча, нярэдка аднародныя правапарушэнні размяжоўваюць па розных артыкулах ды павялічваюць працягласць зняволення ў ізалятары з 15 содняў да 45 ці 70 дзён.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота: ТК / belsat.eu