Судовая выканаўца вырашыла пакараць журналістку... за Плошчу-2010


Адключалі мабільнік, пагражалі заблакаваць правы кіроўцы і забараніць выезд за мяжу. І ўсё гэта нібыта за падзеі 9-гадовай даўніны. Нечаканы ціск адчула журналістка Вольга Чайчыц.

Судовая выканаўца паведаміла, што ў яе нясплачаны штраф… за Плошчу-2010!

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Праз мэсэнджар Вольга атрымала фота пастановы 2016 года пра прымусовае спагнанне штрафу на падставе пастановы суда Маскоўскага раёну Менску 2010-га года. Аднак гэты штраф памерам недэнамінаваных мільён рублёў быў аплачаны яшчэ ў 2011-м годзе. Толькі звестак пра гэта ў судовай сістэме не засталося.

Вольга Чайчыц, журналістка:

«І я ёй стала пісаць: дашліце мне афіцыйную паперу пра тое, што я мушу паказаць аплату. А яна кажа, што нічога мне дасылаць не будзе і дастаткова таго, што яна мне ў Вайберы даслала пастанову суда. А, паводле закону, яны абавязаныя скласці афіцыйны дакумент, і толькі тады я мушу выплочваць. І яна мне зноў тлумачыць, што яна не можа скласці пастанову, і таму вы плаціце проста так!»

Паводле Вольгі, у яе цудам захавалася пацверджанне аплаты штрафу за Плошчу. Пасля таго, як Чайчыц паказала яе судовым выканаўцам, тэлефон падключылі. Але Вольга падала скаргі ў пракуратуру Дзяржынскага раёну і ў аддзел прымусовага выканання на дзеянні судовай выканаўцы Васюк. Журналістка ўпэўненая, што гэткім чынам на яе і ейных блізкіх аказваецца ціск за прафесійную дзейнасць.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu