Судны дзень пасля параду: содні замест штрафаў

Раніца панядзелка ў Ленінскім раённым судзе Берасця пачалася з разгляду справы блогера, аднаго з аўтараў каналу «Народный репортёр» Сяргея Пятрухіна. За кратамі Сяргей быў яшчэ з мінулай серады. Сяргей Пятрухін, блогер, «Народный репортёр»:

«Залятаюць амапаўцы: пух-пух-пух – усё пазабіралі. Я кажу: «Хто вы?» Ніхто не кажа, хто яны. За што затрыманы – не гавораць. Пакуюць, вязуць».

Суддзя Дзмітрый Куроўскі арыштаваў блогера на 15 содняў за ўдзел у акцыі супраць запуску акумулятарнага заводу, адкуль Пятрухін рабіў відэатрансляцыю. Сам народны рэпарцёр паспеў паведаміць журналістам, што ў яго падвышаная тэмпература, а ў ізалятары ён перабываў з людзьмі, да якіх прыязджала хуткая дапамога.

Як паведамляюць праваабаронцы, усяго на раніцу 11 траўня чакалі пастановаў айчыннай Фэміды ў ізалятарах як мінімум 38 асобаў. Тых, каго дастаўлялі ў суд, звыкла каралі адміністратыўным арыштам: напрыклад, Аляксандра Ільінца, які тыдзень таму разам з іншымі мясцовымі жыхарамі карміў галубоў у Віцебску. Аляксей, падпісант каналу «Витебск для жизни»:

«Краіне, з аднаго боку, грошы патрэбныя. Можна было б шлёпнуць штраф. Але лепяць содні, каб людзі, магчыма, проста не маглі выходзіць».

Па 10 содняў арышту атрымалі і падпісанты каналу «Краіна для жыцця» Ілля Ціханаў і Аляксандр Андрэеў, якія збіраліся паехаць 9 траўня на антыпарад у Бабруйск. Рашэнне пра арышт вынес суд Аршанскага раёну. Ігар Казмерчак, журналіст, Ворша:

«Каб яны не паехалі ў Бабруйск, хапіла б і трох содняў. Ім далі па 10, і гэта для мяне крыху нечакана».

Не забылася айчынная Фэміда і пра магілёўскіх актывістаў, журналістаў ды праваабаронцаў. Толькі ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва быў запланаваны разгляд васьмі адміністратыўных справаў. 10 содняў арышту атрымаў журналіст Міхась Аршынскі, 8 – падпісант Ціханоўскага Уладзімір Барэйша. Уладзімір Барэйша, падпісант «Краіны для жыцця»:

«Я быў у ІЧУ тры дні. Ні жонка, ні маці не ведалі, дзе я. Я ім патэлефанаваў – яны ні слыхам ні духам, дзе я».

А ў Глыбокім сёння судзілі нашага калегу Змітра Лупача. Журналіст прысутнічаў на адной з сустрэчаў падпісантаў з блогерам Ціханоўскім 31 сакавіка. З мінулай пятніцы Зміцер быў у ізалятары, а сёння яго пакаралі 10 соднямі арышту і вялізным штрафам. Зміцер Лупач, журналіст:

«Трое содняў сядзеў без сонечнага святла, без інтэрнэту, без сувязі, не ведаючы, што адбываецца. Жонка хворая ўдома адна».

Праз судовы канвеер прайшлі і актывісты Моладзевага блоку Ліза Пракопчык і Даніла Лаўрэцкі: у судзе Савецкага раёну Менску справы было пастаноўлена разглядаць праз відэасувязь. Міхась Варанцоў, актывіст моладзевага блоку:

«Мяне таксама затрымлівалі, але адпусцілі. Я сказаў шчыра, што я не браў удзелу ў акцыі. Я на ўсялякі выпадак гатовы да затрымання, хоць гэта будзе беспадстаўнае затрыманне».

8 траўня Моладзевы блок зладзіў акцыю супраць правядзення вайсковага параду ў Менску: падчас рэпетыцыі тэхнікі маладзёны танчылі, трымаючы ў руках імправізаваную труну – адсылка да папулярнага ў сацыяльных сетках мэму «танец з труною», які атрымаў новы сэнс з пачатку пандэміі каронавіруса.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама