Суд стаў на бок сям'і кіроўцы, які загінуў падчас «марафету» перад прыездам Лукашэнкі


29 жніўня 2019 года. Ганна Раманава, маці загінулага пазалетась кіроўцы гомельскага Хімзаводу Кірыла Раманава. Фота – «Белсат»

Беспрэцэндэнтная справа для беларускай Фэміды. Гомельскі абласны суд забавязаў мясцовы «Хімзавод» заплаціць Br 50 тыс рублёў бацькам Кірыла Раманава, які загінуў падчас аўральнай падрыхтоўкі да прыезду Аляксандра Лукашэнкі два гады таму. Кіраўніцтва «Хімзаводу», дзе працаваў маладзён, спрабавала аспрэчыць суму кампенсацыі, аднак суд застаўся на баку бацькоў загінулага.

У лістападзе будзе два гады, як сям’я Раманавых з Гомля страціла 33-гадовага Кірыла – сына, мужа і бацьку дваіх дзяцей.

«У нас няма ані святаў, ані спакою ў сямʼі на сённяшні дзень. Мы памерлі разам з нашым сынам», – кажа маці загінулага Ганна Раманава.

Сын працаваў кіроўцам газавыратавальнай службы Гомельскага «Хімзаводу». Пад час хуткага рыхтавання да візіту кіраўніка краіны наймальнік забавязаў мужчыну чысціць дах кароўніка ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёну. Паваліўшыся з яго, Кірыл загінуў. Кіраўніцтва «Хімзаводу» спрабавала даказаць у судзе, што мужчына вінаваты сам, бо груба парушыў службовую інструкцыю.

«Нічога ён не парушыў, аніякае інструкцыі. Ён вадзіцель і мусіў знаходзіцца каля аўтамабіля, а не лазіць па дахах», – кажа бацька загінулага Іван Раманаў.

Рэпартаж Юліі Цяльпук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 жніўня

Сёння абласны суд адхіліў апеляцыю наймальніка, які палічыў завышанаю суму маральнай шкоды бацькам загінулага. Br 25 тыс кожнаму забавязаў выдаткаваць суд першай інстанцыі.

«Яны ацанілі жыццё чалавека ў 5 тысяч рублёў. Ці ж магчыма ацаніць жыццё чалавека нейкімі грашыма? Я нават не ведаю, што можна ім на гэта адказаць», – дадае спадар Іван.

У праваабарончай практыцы Леаніда Судаленкі – выпадак нетыповы: семʼям загінулых на працоўным месцы зазвычай без дыскусіяў выплачваюць прысуджаную кампенсацыю.

«Суд правёў 11 паседжанняў і вельмі дэталёва разгледзеў усе аргументы, факты і доказы і вынес, на маю думку, вельмі справядлівае, абгрунтаванне і законнае рашэнне», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Маральную шкоду ў памеры Br 80 тысяч рублёў ужо выплацілі жонцы Кірыла Раманава. А ягоныя дзеці будуць атрымліваць Br 500 рублёў дапамогі штомесяц.

«Мінула амаль два гады… Яны часта пытаюцца, дзе бацька, што і як… Не ведаю як гэта ўсё ім тлумачыць», – працягвае спадарыня Ганна.

Адзіная магчымасць – пазбягаць выканання не сваёй, а тым больш рызыкоўнай працы, раіць праваабаронца Леанід Судаленка:

«Адмаўляцца ад выканання працы, ня гледзячы ні на што! Ня гледзячы на небяспеку згубіць добрыя стасункі са сваім непасрэдным начальнікам ці пазбавіцца прэміі, якая ўжо была не за гарамі. Не выконвайце!».

У гэтым выпадку перад прыездам Лукашэнкі цягам тыдня рабіліся працы, на якія патрэбныя гады. Бо якімі наступствамі абарочваецца ягоны гнеў, вядома кожнаму.

Юлія Цяльпук, «Белсат»