«Суд працякае, ён прыкормлены!» Прайшлі суды над збітымі абаронцамі Курапатаў


У Менску прайшлі суды над абаронцамі Курапатаў: напярэдадні 6 актывістаў былі затрыманыя працаўнікамі сілавых структураў за спробу раздаваць улёткі наведнікам сумна вядомай рэстарацыі «Паедзем паядзім». 6 асобаў былі моцна збілі, а пазней абвінавацілі ў хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі. Таксама актывістаў пакаралі вялікімі штрафамі.

Затрыманне, збіццё, суды і штрафы – гэтак скончылася варта каля рэстарану «Паедзем паядзім». І гэта здарылася ў дзень шанавання памяці продкаў Дзяды ў Курапатах. Абаронцы Курапатаў збіраліся раздаваць інфармацыйныя ўлёткі наведнікам рэстарану «Паедзем паядзім» адразу па заканчэнні ўчорашняга шэсця ў Курапаты на Дзяды. Аднак спроба зайсці на тэрыторыю рэстарану скончылася затрыманнем і збіццём.

Асабліва дасталася Дзянісу Урбановічу – зараз ён мае два тыдні насіць на шыі адмысловы фіксатар:

«Нас затрымлівалі нейкія людзі ў цывільным – кажуць, раённы АМАП – праўда ці няпраўда. Пры затрыманні нас заштурхалі ў машыну і там пачалося здзекаванне: пачалі нагамі душыць. У мяне двое за ногі трымалі, а адзін за шыю – там нешта хруснула, а пасля кінулі на падлогу і ўдарылі па твары», – кажа абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч.

Моцна збілі таксама Максіма Урбановіча, Віталя Трыгубава, Валерыя Рабцава і нават няпоўнагадовага Іларыёна Трусава, якога пазней вызвалілі. Астатніх, пасля ночы ў ізалятары на Акрэсціна, суд пакараў паводле двух артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу: за хуліганства і непадпарадкаванне працаўнікамі міліцыі, хоць ніхто з абаронцаў сваёй віны не прызнаў.

«Зараз суд працякае гэткім чынам, што толькі нас нас вінавацяць і ўсё. Не дзеюць законы, і мы абараніцца не можам. Дзяржава мае верх, і суд прыкормлены», – абураецца Базыль Гушча, абаронца Курапатаў і сведка падзей.

Таксама быў збіты, але вызвалены з-пад варты кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч. На патэнцыйнага дэпутата таксама склалі пратаколы пра адміністратыўнае парушэнне, і яго таксама чакае суд. Збіццё ў Курапатах ён называе нападам.

«Гэта можа быць толькі пры дыктатуры, што нас моцна збілі, незаконна затрымалі, і мы пасля гэтага яшчэ і вінаватыя, і нас судзяць. Пры тым, што тыя, хто нас збіваў у мікрааўтобусе, – ім за гэта няма пакарання. Я разумею, што калі мы парушылі закон, то нас можна пакараць штрафам ці «суткамі», але хто можа нас пакараць збіццём нагамі?» – абураецца Зміцер Казакевіч.

Супраць збітых абаронцаў Курапатаў у судзе сведчылі ахоўнікі і дырэктарка рэстарану «Паедзем паедзім». Максім Урбановіч атрымаў 20, Валеры Рабцаў і Віталь Трыгубаў – 40 базавых велічыняў штрафу, Дзяніс Урбановіч – 65. Рашэнне Менскага раённага суда яны будуць абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.

Курапацкая варта супраць рэстарацыі ў былых межах ахоўнай зоны мемарыялу працягваецца з сакавіка мінулага года. Актывісты патрабуюць закрыцця ўстановы ды інфармуюць наведнікаў пра гісторыю месца масавых рэпрэсіяў сталінскіх часоў.

Галіна Абакунчык belsat.eu