Суд на падставе паказанняў міліцыі


У Глуску на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі Аляксандра Каваленку. Пенсіянер актывіст добра вядомы бабруйскім міліцыянтам і пракурорам тым, што актыўна змагаецца за вызваленне свайго сына, асуджанага за забойства. А сталічныя «людзі ў цывільным» ведаюць Каваленку, як актыўнага ўдзельніка акцыяў пратэсту супраць беззаконных дзеянняў следчых і судовых органаў. Аляксандру Каваленку юрыдычнымі метадамі ўдалося скараціць прысуд сыну з 25 да 17 гадоў, але цяпер яго прызналі вінаватым у гандлі наркотыкамі выключна на падставе міліцэйскіх паказанняў.

71-гадовага бабруйца Аляксандра Каваленку на працэс унеслі. Мужчына адмовіўся ісці сам. Вінаватасці ў гандляванні наркотыкамі ён не прызнаў. Жонка асуджанага Валянціна Каваленка, абураецца:

«Пракурор – злачынца. Суддзя – злачынца. Таму што ў часе працэсу яна растаптала ўсе нормы законаў – і нашага і міжнароднага права. Канстытуцыю яна растаптала адкрыта».

Факт продажу наркотыкаў, за які ў кастрычніку затрымалі 71-гадовага Аляксандра Каваленку, суддзя прызнала недаказаным. Але прызнала мужчыну вінаватым у гандлі забароненымі рэчывамі (ч. 3 арт. 328 КК РБ) на падставе матэрыялаў міліцыі аб правядзенні летась у красавіку кантрольнай закупкі ў спадара Аляксандра. Праваабаронца Тамара Сяргей звяртае ўвагу:

«Праверачны закуп – гэта мерапрыемства, якое падрыхтавалі супрацоўнікі ўнутраных справаў. Гэта асаблівае мерапрыемства і асаблівая вытворчасць, якое захоўваецца ў іх і якое яны не прадставілі ні абвінавачанаму, ні суду».

Тым не менш суддзя Вольга Галаўнёва прысудзіла 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, як і прасіў пракурор Аляксандр Дзмітрыеў. Дадаткова – штраф 810 рублёў і патрабаванне вярнуць 440 рублёў дзяржаўных грошай з кантрольнага закупу. Тамара Сяргей лічыць:

«Гэта правакацыя супрацоўнікаў міліцыі. Ніякага праверачнага закупу не было ў красавіку. Гэта ўсё сфабрыкавана, атрымалі яны ўказанне нейкім чынам спыніць Каваленка».

Прысуд Каваленку выклікае пытанні праз гісторыю гэтай сям’і. На кадрах «Белсату» сужэнства Валянціна і Аляксандр не раз ішлі на пікеты з патрабаваннямі:

«Калі ёсць супярэчнасці ў выраку майго сына і іншых незадаволеных – дайце адказ, абвергніце довады, змешчаныя ў скаргах».

Бацькі 15 гадоў даводзяць усім кампетэнтным органам, чаму лічаць свайго сына Ігара – незаконна асуджаным за забойства. За акцыі пратэстаў іх неаднаразова штрафавалі. А ў 2006 годзе Аляксандр Каваленка ўжо праходзіў па наркатычным артыкуле 328 і трапіў за краты. Пасля 3 гадоў у няволі дзяржава прызнала яго невінаватым і выплаціла кампенсацыю. Валянціна Каваленка робіць выснову:

«Тое што мой муж раней незаконна адсядзеў 3 гады і 2 месяцы і быў апраўданы і гэта замацавана… даказвае, што усё-такі вырак майго сына не законны. Гэта ж і пратэст Генеральнай пракуратуры. І мы сваймі публікацыямі ім пра гэта нагадвалі. І яны вырашылі адпомсціць».

За шматкроп’ем у неадназначнай справе – стан здароўя Валянціна Каваленкі. Пасля першага незаконнага тэрміну ён перанёс 2 інфаркты і пакутуе на высокі ціск. Некалькі разоў з паседжанняў яго забірала «Хуткая». Пасля выраку сёння мужчына выкрыкнуў : «з залы беззаконня выйду на сваіх нагах».

Юлія Цяльпук, «Белсат»