Страшныя выбары


Сёлетняя кампанія выбараў прэзідэнта ў Беларусі адбываецца ў «атмасферы страху, запалохванняў выбарцаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў». Гэткія высновы робяць у чарговай супольнай аналітычнай справаздачы праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Выбары – традыцыйная пара палітычных рэпрэсіяў у нашай краіне. Аднак сёлетняя кампанія ўсё-ткі адрозніваецца ад папярэдніх, канстатуюць праваабаронцы. Улады вырашылі не чакаць нават рэгістрацыі кандыдатаў і ціснуць ужо цяпер, тлумачыць сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

«Сёлета мы назіраем тое, што рэпрэсіі пачаліся фактычна з абвяшчэннем выбараў. І ўжо па ходу кампаніі мы бачым і завядзенне крымінальных справаў, і рэзкае пагаршэнне, у прынцыпе, агульнай сітуацыі з правамі чалавека: вялікую колькасць арыштаў і затрыманняў, павелічэнне колькасці палітычных зняволеных. І я баюся, што гэта яшчэ далёка не канец».

І падставы для гэткае заклапочанасці айчынныя сілавікі і суды дадаюць ці не штодня. Сёння адбыліся чарговыя суды над актывістамі – і тымі, хто яшчэ на волі, і тымі, хто ўжо за кратамі. 15 содняў арышту дадалі сёння апазіцыйным палітыкам Міколу Статкевічу і Максіму Вінярскаму, а таксама блогерам Уладзіміру Цыгановічу, Эдуарду Пальчысу і Мікалаю Маслоўскаму. Пры гэтым першыя трое – нават не паспелі выйсці на волю пасля папярэдніх арыштаў.

«Ёсць Закон «Аб масавых мерапрыемствах», які парушае Канстытуцыю, аднак ён ёсць. Паводле яго вельмі шмат палітычных актывістаў, дзеячаў, блогераў садзяць – менавіта паводле гэтага Закону «Аб масавых мерапрыемствах». Але! Ёсць артыкул Выбарчага кодэксу пра тое, што на час выбарчай кампаніі – ёсць пікет для збору подпісаў – гэты артыкул не працуе!» – паспеў патлумачыць «Белсату» Мікалай Маслоўскі перад самым пачаткам судовага працэсу над ім.

А зняволенаму сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу сёння дадалі адразу два арышты на 15 содняў да цяперашняга. Агулам – 75 дзён за кратамі без перадачаў ад блізкіх. Пра гэта журналістам распавяла жонка палітыка Вольга Севярынец:

«У яго забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, туалетную паперу, цёплую вопратку – усё, што ў яго было з сабою. І таксама ўжо двойчы змяшчалі ў КПЗ – гэта мясцовыя штрафныя ізалятары, дзе вельмі холадна».

Пра здзекі з палітычных арыштантаў распавёў і першы сакратар «Маладога фронту» Максім Урбановіч, які сёння выйшаў на волю пасля таксама 15 содняў арышту:

«Заходзім – там усё хлёркай пазалівана! Недапалкі пазаліваў, папросту ўзяў вядро і выліў. Таксама распавядаў, што рабілася ў першай камеры, дзе Дзяніс Урбановіч сядзеў: дзверы адчыняюцца – і вядро вады туды! Практыкавалася гэткае, у асноўным – маральны ціск. Спаць не давалі…»

Чаму ж улады ідуць на рэпрэсіі, падобных якім паводле маштабу не было апошнія дзесяць гадоў? Сваімі меркаваннямі з »Белсатам« падзяліліся жыхары Менску:

«Уладу ніхто не хоча аддаваць. Дык яе ніхто і не аддасць! Крывёю лягуць, але не аддадуць».

«Лукашэнка будзе трымацца сінімі пальцамі, бо ён ведае, што калі не пасада, то турма – няма ў яго выбару!»

«Гуляць з таталітарнай дзяржавай, якая ладзіць судовы ціск і ціск ажно да фізічнага знішчэння – гэта як гульня за адным сталом з махляром. Таму толькі арганізаваны выступ усяго грамадства можа змяніць сітуацыю».

«Трэба, каб людзі свабодна выказвалі свае думкі. Каб была свабода!»

Сёння ж праваабаронцы заклікалі неадкладна вызваліць валанцёра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Андрэя Новікава з вёскі Прусы, што на Пастаўшчыне, ды прызналі яго чарговым палітвязнем.

Валера Руселік, «Белсат»