Статкевіч пра суд над праваабаронцам Бандарэнкам: Гэта беспрэцэдэнтны выпадак


Блытаніна сведкаў, абмежаванне працы адвакатаў. Гэтым паводле назіральнікаў, пачаўся новы суд працэс над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Яму пагражае чарговы тэрмін зняволення. Сваякі і паплечнікі падсуднага перакананыя, што ўсё робіцца дзеля таго, каб ён не выйшаў на волю і не працягнуў сваю дзейнасць. Судовае разбіранне адновіцца заўтра.

Праз тры дні меўся выйсці на свабоду

Цяпер яму пагражаюць чарговыя два гады турмы. У Ленінскім судзе Магілёва пачаўся працэс паводле новай крымінальнай справы супраць праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.

«Сведка хлусіць і блытаецца ў сваіх паказаннях, якія не праўдзівыя. Вось і ўсё», – пракаментаваў хаду працэсу Валерый Бандарэнка, бацька Зняволенага.

Андрэя Бандарэнку судзяць паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу

То бок за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Падставаю сталіся дысцыплінарныя спагнанні кіраўніцтва магілёўскай турмы № 4. Адно з іх: нібыта асуджаны ў недазволены час ляжаў на ложку. Іншае: Бандарэнка меўся размаўляць з іншым вязнем падчас шпацыру. Сваякі ды сябры праваабаронцы называюць такое здзекам.

«За тры нязначныя, яўна сфабрыкаваныя парушэнні, якіх на кожнага зэка можна пісаць дзясяткі за месяц, чалавека рэальна могуць адправіць у калонію строгага рэжыму. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак», – зазначыў апазіцыйны лідар Мікола Статкевіч.

Сам Андрэй Бандарэнка не аднойчы абскарджваў турэмныя спагнанні

Адпаведную скаргу ён накіраваў і ў Камітэт правоў чалавека ААН. У адказ былі новыя правакацыі і яшчэ больш жорсткі ціск. Пра гэта сам Бандарэнка паведаміў сёння ў судзе. Паводле назіральнікаў, падсуднаму не далі магчымасці і азнаёміцца з матэрыяламі справы. Большасць пытанняў адваката наконт блытаніны паказанняў сведкаў суддзя здымаў.

«Усе мелі магчымасць пераканацца, што не было ніякага злоснага непадпарадкавання, што гэта былі эпізоды, на якія звычайна не звяртаецца ўвагі», – падкрэсліла праваабаронца Таццяна Равяка.

Новы суд – помста за праваабарончую дзейнасць

Праваабаронцы перакананыя, што новы суд над Бандарэнкам – гэта працяг помсты за праваабарончую дзейнасць. Да турэмнага зняволення ён ачольваў арганізацыю «Платформ Інавэйшн». Андрэй Бандарэнка займаўся маніторынгам сітуацыі ў калоніях і турмах. Нярэдка выяўляліся факты брутальных парушэнняў правоў вязняў, у тым ліку фізічнага гвалту. У 2014 годзе суд прызнаў Бандарэнку вінаватым у хуліганстве ды пакараў трыма гадамі зняволення. Паплечнікі праваабаронцы кажуць, што ён стаў ахвяраю раней запланаванай правакацыі.

«Калі будзе абвінаваўчы прысуд, мы, праваабарончае супольнасць (мы пра гэта гаварылі), мы будзем лічыць Андрэя Бандарэнку палітычным зняволеным, якога пераследуюць за праваабарончую дзейнасць», – падсумавала спадарыня Равяка.

Чарговы эпізод крымінальнага пераследу Андрэя Бандарэнкі працягнуў сумнавядомы ланцуг жорсткага ціску на палітычнага дзеяча, бізнесоўцу (пазней праваабаронцу). У 2009 годзе сябру АГП прысудзілі 7 гадоў зняволення за нібыта эканамічныя злачынствы. Паплечнікі Бандарэнкі адразу назвалі вырак палітычна матываваным. У 2008 годзе ён балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пасля парламенцкіх выбараў Бандарэнка пратэставаў супраць імаверных фальсіфікацыяў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»