«Справа медыкаў». Новы гучны працэс пра карупцыю ў сістэме аховы здароўя


Суд Заводскага раёну Менску пачаў разгляд справы былога кіраўніка Цэнтру медычнай рэабілітацыі і бальнеатэрапіі. Сяргея Карыцьку вінавацяць у атрыманні хабару, падсудны прызнаў сваю віну.

Былы галоўны доктар Цэнтру медычнай рэабілітацыі і бальнеатэрапіі цяпер застаецца пад хатнім арыштам і, як сказаў журналістам у зале суда, піша вершы ды час ад часу дае кансультацыі. Якую суму незаконна атрымаў, паспеў забыць.

Сяргей Карыцька, абвінавачаны: «Не памятаю!» – «Як вы не памятаеце?» – «Памяць у мяне дрэнная, ужо стары чалавек…»

Суму хабару падлічыў суд: паводле абвінавачання, у красавіку летась доктар атрымаў дзве тысячы долараў за спрыянне фірме «Медыкал Юніт» у пастаўцы абсталявання для медычнай установы.

«Аказваецца, у ягоным доме ў Аксакаўшчыне было знойдзена значна больш грошай – ён кажа, што гэта іншыя грошы, і што хабар ён толькі браў адзін раз», – кажа Алег Груздзіловіч, журналіст радыё «Свабода».

Тэндару на пастаўку апарата ў медычны цэнтр прадпрыемства хабарадавальніка так і не выйграла, але Карыцька грошай не вярнуў. Пры гэтым адмаўляе, што фірме садзейнічаў больш за адзін раз. Чаму следчыя не звярнулі ўвагі на значна большыя сумы, знойдзеныя ў часе ператрусу ў доме доктара?

«Пакуль у мяне такое ўражанне трывалае, што хабарніцтва ў нас ёсць рознае: ёсць тое, якое пакрываецца дзяржавай, і ёсць тое, якое караецца», – каментуе Алег Груздзіловіч, журналіст радыё «Свабода».

Бо хабарніцтва ў галіне аховы здароўя – не новая з‘ява. Ігар Ілляш, журналіст «Белсату»:

«Мы маем нейкую ўжо сістэму, якая склалася, склалася даўно. І вось гэтыя фігуранты справаў, якіх цяпер судзяць, не яны яе выдумалі і не яны яе стварылі».

Інтарэс да тэмы аховы здароўя ў беларусаў ёсць, а гучныя эпізоды карупцыі ў сістэме балючыя для насельніцтва.

«Гэта датычыць нас, гэта датычыць усяго насельніцтва. І гэта вельмі важна, гэта наша здароўе, здароўе нашых дзяцей».

«Я мяркую, што такіх людзей трэба судзіць. Бо прыходзім у паліклініку, ёсць дзіця, і ніколі нічога няма. Гэта вельмі крыўдна, што нават самыя элементарныя лекі даводзіцца купляць, усё гэта за свой кошт, а людзі проста набіваюць сабе кішэні», – абураюцца жыхары Магілёва.

Справа Карыцькі – гэта трэці судовы працэс, які датычыць маштабнай карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. Буйныя хабары бралі: былы галоўны доктар Гарадзеншчыны, былы намеснік міністра аховы здароўя ды галоўны доктар 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі. Усе гэтыя справы доўжыліся з 2013-га да 2018-тага года. Як сказаў у «Размове дня» на «Белсаце» журналіст Віктар Федаровіч, дактары не пабаяліся новага Закону аб барацьбе з карупцыяй, які ўступіў у моц чатыры гады таму.

«З ім – гэтым законам – усе былі азнаёмленыя, адказныя асобы, яны знаёмяцца пад подпіс. Іх гэта напалохала? Не. Іх напалохала пагроза – там, па-мойму, самае страшнае пакаранне – пазбаўленне пенсіі дзяржслужбоўца? Можа, яны з перспектываю набіраюць усе гэтыя хабары? Тут псіхалогія мяжуе з псіхіятрыяй», – гаворыць журналіст Віктар Федаровіч.

Чаму тады высокапастаўленыя медыкі бралі вялікія хабары? У судзе тлумачылі, што грошы былі патрэбныя на лекаванне за мяжою, выезды на адпачынак ці аплату навучання дзяцей. А Сяргей Карыцька сёння прызнаўся, што яго – цытата – спакусіў д’ябал.

Ганна Мордань, belsat.eu