Спорт на пілоне ў Беларусі пад пагрозай знікнення


Папулярны за мяжой, але не ў нас. Прафесійны спорт на пілоне ў Беларусі – пад пагрозай знікнення. Федэрацыя спорту і танцу на пілоне прыпыняе сваю дзейнасць. 14-цігадовая Ульяна – прызёрка шмат якіх міжнародных спаборніцтваў. Спортам на пілоне яна пачала займацца пяць гадоў таму.

«Я памятаю, мама схадзіла на трэніроўку і паклікала мяне яе пачакаць і дапамагчы. Я прыйшла і проста так паспрабавала пару элементаў, у мяне адразу атрымалася, і трэнерка сказала: давай будзеш да мяне хадзіць. Так усё і закруцілася», – распавядае Ульяна Задаліна, прызёрка міжнародных спаборніцтваў.

Поўл-дэнс – гэта зусім не стрыптыз, ён уключае ў сябе элементы і харэаграфіі і акрабатыкі. Заняткі гэтым відам спорту вымагаюць добрай фізічнай падрыхтоўкі, бо пілон – выдатны трэнажор для рук, ног, спіны ды прэсу.

«Пілон можна інтэрпрэтаваць і як спорт і як танец. Як спорт ён фізічна дастаткова складаны, каб канкураваць з такімі кірункамі, як гімнастыка на перакладзіне, напрыклад», – кажа Аляксандр Шумскі, прызёр міжнародных спаборніцтваў.

Звычайныя заняткі пачынаюцца заўсёды з комплексу практыкаванняў для разагрэву цягліцаў, надання сілы рукам і расцяжкі. І толькі пасля гэтага вучні падыходзяць непасрэдна да пілона.

Поўл-дэнс быў прызнаны афіцыйным відам спорту яшчэ два гады таму. Цяпер вядзецца праца дзеля ўключэння гэтай спартовай дысцыпліны ў Алімпійскія гульні. У нас жа – ня тое што Алімпійскія гульні – уся дысцыпліна ў заняпадзе.

Апошні беларускі чэмпіянат танцу і спорту на пілоне адбываўся ажно ў 2017 годзе. А большасць прафесіяналаў проста з’ехала з краіны.

«На дадзены момант у нас гэта не так ацэньваецца, як за мяжой. Усё-такі там больш шоу, гэта больш падабаецца людзям, яны глядзяць, як рабяты выконваюць складаныя трукі, складаныя элементы, і яны гэта пазначаюць, ацэньваюць», – звяртае ўвагу Аляксандр Валошчык, выкладчык студыі Вольгі Рэпінай.

Беларуская федэрацыя спорту і танцу на пілоне з’явілася як грамадскае аб’яднанне восем гадоў таму. Арганізацыя паспела зарганізаваць з тры дзясяткі міжнародных і нацыянальных спаборніцтваў, распрацавала правілы чэмпіянатаў і падрыхтавала суддзяў. Але праз адсутнасць чалавечых і фінансавых рэсурсаў вымушаная цяпер закрывацца.

«Напэўна, гэта будзе такім вялікім крокам назад. І такой кропкай на пэўны перыяд. Мне вельмі хочацца верыць, што знойдуцца актывісты – магчыма, хтосьці вырашыць адкрыць штосьці новае», – кажа Алена Прановіч, старшыня федэрацыі спорту і танцу на пілоне.

Цяпер кіраўніцтва федэрацыі збірае дакументы для ліквідацыі. Адна з умоваў уключэння віду ў Алімпійскія гульні – наяўнасць прынамсі 50-ці нацыянальных федэрацыяў. Цяпер іх каля дваццаці. І неўзабаве стане яшчэ на адну менш.

Наста Кахановіч, «Белсат»