Спектакль-эксперымент пра сучаснае вяселле паставілі ў Менску


Што абуджаюць у нас, аточаных гаджэтамі ды смартфонамі, старыя народныя песні? Усё часцей пра гэта задумваюцца творцы. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запрашае на спектакль «Шлюб з ветрам», які трэба і глядзець, і слухаць.

Кожны спектакль Яўгена Карняга – заўжды эксперымент і вусцішная прыгажосць. У пастаноўцы «Шлюб з ветрам» у сталічным РТБД героі не гавораць, яны спяваюць.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Майстра пластычных відовішчаў, Карняг стварыў спектакль выключна з народных песень, якія перанёс на сучаснае вяселле. Госці ў пінжаках і кактэйльных сукенках крычаць «Горка!» і здымаюць сэлфі, відэаэфект дадае дзеі яшчэ адно вымярэнне.

А вецер часу прыносіць галасы зніклых вёсак, бабуліны спевы, магічныя галашэнні, якія рэзануюць з нашай падсвядомасцю. Кампазітаркай спектаклю стала рэжысёрка Каця Аверкава:

«Гэта нешта такое сакральнае і да глыбіні душы знаёмае кожнаму чалавеку. Тут спрацоўваюць зусім іншыя механізмы – нейкая эмацыйная памяць, пачуццёвасць, таму ўзнікае столькі эмоцый – і страшна часам, і пазнавальна, і смешна».

Каця Аверкава стварыла аранжыроўкі да песень, а вось візуальная прыгажосць і трукі – заслуга мастачкі Таццяны Нэрсісян, з якой Карняг працуе ўжо шмат гадоў. Акторам жа давялося практыкаваць вакал: спевы рэпетавалі больш за два месяцы. Для Таццяны Мархель, знаўцы і інтэрпрэтатаркі абрадаў, гэта – родная стыхія. Народная артыстка грае ў спектаклі свякроўку, вобраз якой у народных песнях часты і пазнавальны. Песні ж збіраліся адусюль, кажа Каця Аверкава:

«Там шмат песень не звязаных з вяселлем, і гэта сюжэтныя песні, якія прысвечаныя розным жыццёвым сітуацыям».

Сюжэты народных песень насамрэч вечныя: жаданне дзяўчат выйсці замуж, суперніцтва свякрові з нявесткай, апантаная любоў маці да сына, якая робіць з мужчыны дарослае дзіця. Але «Шлюб з ветрам» замахваецца на большае, лічаць акторы Арцём Курэнь і Ганна Семяняка:

«Гісторыя не зусім пра нявесту і жаніха, а гэта нейкая агульная гісторыя нашай краіны і нашай мовы».

Эксперыментатар і шукальнік, Яўген Карняг рэдкі госць на дзяржаўнай сцэне. Але ў РТБД – ужо дзве ягоныя пастаноўкі. Скандальны «Бетон» дагэтуль, праз тры гады пасля прэм’еры, збірае аншлагі. А «Шлюб з ветрам» мае стаць не менш знакавым.

Аляксандра Дорская, belsat.eu