Сотні аўтамабіляў гадзінамі стаяць на памежных пераходах у кірунку Польшчы і Літвы


Доўгія выходныя і доўгія чэргі. На памежных пераходах у кірунку Польшчы ды Літвы гадзінамі чакаюць сотні аўтамабіляў. З падрабязнасцямі – Аляксандр Папко.

Заходняя мяжа стаіць. Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага памежнага камітэту, апоўдні ўезду ў Польшчу і Літву чакалі па 600 легкавых машынаў. Вялікія чэргі трымаюцца ўжо трэці дзень. Пасля гадзінаў у заторах інтэрнаўты вылілі сваё абурэнне на польскіх і літоўскіх памежнікаў ды мытнікаў на беларускіх форумах.

Цытаты з ONLINER.BY:

«Калі нашыя працуюць, то хутка. Палякі пастаянна тармозяць, і чым больш машынаў, тым мацней».

«Я, бывала, за 20 хвілінаў праходзіў. Але наагул тармозяць літоўцы. Бо там адзін чалавек і докі афармляе, і машыны глядзіць».

«Не ведаю, з чым гэта звязана, але палякі амаль заўсёды ствараюць чэргі штучна. Нашыя працуюць хутка, але ў паноў пачынаецца лютае пекла».

У сярэдзіне дня чэргі на літоўскай мяжы скараціліся на траціну, а на польскай – удвая. Польскія памежнікі сітуацыю драматычнай не лічаць.

«Найверагодней, гэта звязана з доўгімі выходнымі, людзі едуць на святы. Думаю, у аўторак-сераду чэргаў ужо не будзе. А час чакання ў дзве гадзіны – не такі вялікі. Некалі ў нас чакалі больш за дзесяць», – кажа Катажына Здановіч, Падляскі аддзел памежнай службы.

З пачатку года беларускія СМІ не менш за 5 разоў паведамлялі пра чэргі з соцень аўтамабіляў, якія вырасталі на заходніх межах. Найбольш перагружаныя памежныя пераходы былі ў святы. А гэтым разам, дзякуючы таму, што Радаўніца і Дзень Перамогі прыпадаюць на адзін тыдзень, беларусы адпачываюць ажно пяць дзён запар.

Аляксандр Папко, belsat.eu