Смяротныя рэкорды


Паўтара мільёна – да такога ліку набліжаецца колькасць выпадкаў заражэння Covid-19 у свеце. Смяротнасць у некаторых краінах бʼе рэкорды. У Штатах учора памерла амаль 2 тысячы хворых, у Францыі 1417, у Вялікай Брытаніі – 786 чалавек.

Мільён 300 тысячаў заражаных і амаль 80 тысяч памерлых. Такія звесткі пра глабальную эпідэмію COVID-19 апублікавала Сусветная арганізацыя здароўя. Больш за ўсё інфікаваных – 400 тысячаў – сёння налічваецца ў ЗША. Кожны трэці хворы жыве ў Нью-Ёрку. Колькасць памерлых у Штатах ужо перавысіла 12 тысячаў чалавек.

Насоўка, шалік ці кашулька і ўсяго дзве гумкі для валасоў. Як за некалькі секундаў зрабіць надзейную маску для твару ў роліку на «YouTube» амерыканцам растлумачыў галоўны хірург арміі ЗША генерал Джэром Эдамз. Тысячы людзей у самаробных і набытых у аптэках масках пашыхтаваліся ля выбарчых участкаў у штаце ЎіскОнсін. Мясцовыя ўлады не змаглі дамовіцца і перанесці выбары на лета. Яўка падчас эпідэміі абяцае быць рэкордна нізкай.

«Выбары трэба было перанесці. У гэтым няма ніякіх сумневаў», – абураецца выбарнік Джэймз Макман.

Калі ў ЗША эпідэмія яшчэ набліжаецца да свайго піку, то ў Іспаніі ды Італіі колькасць хворых стабілізуецца. Але смяротнасць па-ранейшаму высокая. У Іспаніі цягам содняў памерлі 743 чалавекі. У прысутнасці толькі самых блізкіх людзей, хаваюць ахвяраў каронавіруса ў Мадрыдзе.

«У найгоршыя часы ў нас было да пятнаццаці пахаванняў за дзень. Цяпер жа мы вязём на могілкі да 40 чалавек штодня», – са скрухай канстатуе мадрыдскі святар Эдуард Батубэнга.

Усяго ў Іспаніі больш за 80 тысяч хворых, а колькасць ачунялых набліжаецца да пяцідзесяці тысячаў. Апладысментамі жыхары Сэвільі сустракаюць людзей, якія са шпіталяў вяртаюцца дадому. Дадому, але зусім не з радаснаю весткаю вяртаецца флагман французскага флоту – авіяносец «Шарль дэ Голь». У некалькіх чалавек з яго амаль двухтысячнага экіпажу – сімптомы каронавіруса.

Тым часам паліцыя Парыжу зрабіла каранцін больш жорсткім. Парыжанам дазволена займацца спортам на вуліцы толькі з 10 раніцы да 7 вечара. А ўлады Чэхіі ўжо распрацоўваюць план зняцця каранціну. Заўтра адкрываюцца рамонтныя майстэрні ды спартовыя крамы. Абутковыя і крамы канцылярскіх тавараў запрацуюць на наступным тыдні. Самым сурʼёзным эканамічным крызісам з часу Другой сусветнай назвала пандэмію Міжнародная арганізацыя працы.

«Цяпер ва ўсім свеце 4 з 5 работнікаў жывуць у краіне, дзе ўведзены поўны або частковы каранцін», – паведаміў генеральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы Гай Райдэр.

Згодна з МАП, з красавіка да чэрвеня б(я)з працы ва ўсім свеце застануцца 195 мільёнаў чалавек.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: Xinhua / Zuma Press / Forum