Смяротны каронавірус выйшаў з Кітаю, яго пацвердзілі ў Амерыцы


Колькасць інфікаваных небяспечным каронавірусам павялічваецца і выходзіць за межы Кітаю. Хвароба распаўсюдзілася на 25 кітайскіх гарадоў і трапіла на два кантыненты. Эпідэміі Сусветная арганізацыя здароўя пакуль не абвесціла. У Беларусі шпіталізавалі дзяўчыну з падазрэннем на смяротны вірус.

Тайвань, Японія, Паўднёвая Карэя, Тайланд і Злучаныя Штаты Амерыкі. Новы каронавірус, выяўлены ў Кітаі, зафіксавалі ў шэрагу іншых краінаў свету. З прыкметамі хваробы ў менскую інфекцыйную больніцу напярэдадні шпіталізавалі дзяўчыну, якая днямі вярнулася з Шанхаю. Аднак медыкі падазрэнняў не пацвердзілі.

«Дзяўчына змешчаная ў асобны бокс, праведзенае лабараторнае тэставанне. Ёй пастаўлены дыягназ «вірус грыпу, сярэднецяжкае цячэнне». Дыягназ «каронавірусная інфекцыя» не пацвердзіўся», – кажа Уладзімір Каранік, міністр аховы здароўя Беларусі.

Першыя сімптомы небяспечнай хваробы і сезонных рэспіратарных захворванняў – падобныя. Гэта высокая тэмпература, боль у цягліцах і горле, кашаль. Пры нядужасці лекары могуць скіраваць на дадатковае даследаванне: айчынныя лабараторыі атрымалі з Кітаю рэактывы для выяўлення вірусу 2019-nCoV. На ўзмоцненым санітарным кантролі таксама Нацыянальны аэрапорт. Пасажыраў сустракаюць з цеплавізарамі.

А ці пачуваюцца спакойна беларусы?

«Я не асабліва сур’ёзна да гэтага стаўлюся, ніякіх захадаў я не прымаю, адзінае што дачка са школы прыходзіць, яна неяк напужаная больш. Міжсобку дзеці абмяркоўваюць, просіць купіць ёй медычную маску».

«Людзі, яны ж усё роўна кантактуюць адзін з адным, гэтага не пазбегнуць. Каб проста хавацца ўдома, нікуды не выходзіць, гэта ж таксама так не зробіш, працаваць трэба».

«Я намагаюся не быць у грамадскіх месцах, радзей, мыем рукі абавязкова», – кажуць жыхары Менску.

Аднак сродкаў прафілактыкі ды лячэння вірусу на сёння не існуе: 2019-nCoV упершыню быў зафіксаваны пры канцы снежня ў цэнтральным мегаполісе Кітаю – горадзе Ўу-ХАнь. Цяпер колькасць хворых у Кітаі перавысіла 600 асобаў, зафіксаваныя 17 смяротных выпадкаў. Сусветная арганізацыя здароўя сабрала надзвычайнае паседжанне. Медыкі сочаць за хваробаю ў кожнай краіне свету.

«Мы памятаем каронавірус «Урбанік», які выклікаў цяжкі рэспіратарны сіндром у пачатку тысячагоддзя, ён узнік, каля 800 асобаў загінула, у 30 краінаў быў завоз, і пасля гэты вірус знік і фактычна перастаў выклікаць захворванні. Гэты новы каронавірус мае шмат генетычнага апарату каронавірусу «Урбанік». Як гэты вірус сябе павядзе, мы пакуль што не ведаем», – распавядае Вольга Галубоўская, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя Украіны.

Пакуль жа медыкі па ўсім свеце працуюць над тым, каб вызначыць крыніцу вірусу. Імаверным жа распаўсюднікам кітайскія даследчыкі лічаць змеяў. На чарзе – распрацоўванне вакцыны, аднак гэта зойме не менш за год. Гэтаксама Кітай прымае захады ізаляцыі: для наведвання закрытыя 3 гарады – Ўу-ХАнь, Гон-Конг і Макаў.

Юлія Лабанава belsat.eu

Фота: An Ming / Featurechina / Ropi / Zuma Press / Forum

Hавiны
Каронавірус: У 2017 годзе ва Ўу-Хані стваралі лабараторыю смяротна небяспечных вірусаў
2020.01.23 17:25