«Смяротнае пакаранне – гэта прыкмета нецывілізаванасці і дзікасці»

У Беларусі дзяржава ўсё яшчэ расстрэльвае. Афіцыйнай інфармацыі пра колькасць забітых за час незалежнасці Беларусі ў адкрытым доступе няма, але калі супаставіць звесткі Міністэрства юстыцыі, арганізацыі «Міжнародная амністыя» і беларускіх праваабаронцаў, выходзіць лічба 336 чалавек. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Андрэй Палуда, кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання»:

«Як толькі пачынаюцца перамовы з Захадам у нашай краіне, адразу пытанне смяротнага пакарання выходзіць на першыя радкі і выкарыстоўваецца для палітычнага гандлю. Кіраўнік нашай краіны выступае за смяротнае пакаранне, кажа, што прытрымліваецца вынікаў рэферэндуму, які быў больш за 20 гадоў таму».

Рэферэндум 1996-га насіў кансультацыйны характар, таму рашэнне можа быць адмененае без усенароднага галасавання, патрэбная толькі палітычная воля. Грамадскае ж меркаванне за гэты час таксама магло змяніцца. Жыхары Менску дзеляцца меркаваннем:

«Адмяняць не варта. Яно патрэбна, і можа нават зрабіць больш жорсткім».

«Не мы жыццё даем, не нам яго і адымаць».

«Ну напэўна трэба быць з Еўропай і светам і – адмяняць».

Паводле ж экспертаў, выглядае, што афіцыйны Менск не гатовы адмяніць ці хаця б увесці мараторый на смяротнае пакаранне, больш за тое, улады часта навязваюць грамадству сваё стаўленне да гэтай праблемы.

Каб змяніць сітуацыю, праваабаронцы кожны год з 5-га да 10-га кастрычніка ладзяць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. У розных гарадах Беларусі плануюцца шэраг імпрэзаў, прысвечаных гэтай тэме: фільмы, выставы, сустрэчы. Сёння ў тым ліку з-за наяўнасці смяротнага пакарання Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая не ёсць чальцом Рады Еўропы. Гэтая арганізацыя займаецца абаронаю правоў чалавека, развіццём дэмакратыі ды ўмацаваннем вяршэнства права ва ўсіх яе краінах-чальцах.

Алесь Бяляцкі, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Смяротнае пакаранне – гэта, вядома, прыкмета нецывілізаванасці і дзікасці, на жаль. І тое, што ў нас усё ўпіраецца ў аднаго чалавека, які тармазіць гэты працэс, гэта ёсць пэўным расчараваннем для ўсяго грамадства і тормазам для развіцця цывілізацыйных працэсаў у Беларусі».

Узаконенае ж дзяржавай забойства, кажуць праваабаронцы, існуе на фоне адсутнасці незалежнай судовай сістэмы, вядомыя выпадкі катаванняў і выбівання паказанняў падчас следства, якія потым кладуцца ў аснову доказнай базы, а таму існуе вялікая імавернасць судовай памылкі – якой пасля смяротнай кары ўжо не выправіш.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Фота: REUTERS / Stephen Lam / FORUM

Глядзі таксама