Смерць пасля рэйду міліцыі


Яшчэ адна смерць. У Магілёве пахавалі жанчыну, якая памерла пасля ўламання ў яе дом узброеных людзей у масках. Нападнікамі аказаліся міліцыянты, што шукалі забойцаў інспектара ДАІ Яўгенія Патаповіча, якога пазней Следчы Камітэт назваў самагубцам.

Уся віна гэтай сям’і – прыналежнасць да народу ромаў. Ці, як пішуць у міліцэйскіх арыенціроўках, «цыганскае аблічча». Сёння ў магілёўскім пасёлку Грабянёва пахавалі Лідзію Юрчанку, якая на мінулым тыдні была ўдома з унукамі падчас уварвання спецназу.

«Падʼехалі МАЗы ўначы, заскочылі ў масках, былі ў доме дзеці ды мая хросная маці. Старая, хворая. Яны заляцелі, з матамі, нагамі, дзяцей з ложкаў паскідалі, пісталеты да галоваў прыклалі», – распавядае Руслан Юзэпчук, пляменнік і хросны сын памерлай.

Як распавялі «Белсату» дзеці, узброеныя людзі ў масках тапталі іх нагамі, перавярнулі ўсе рэчы, крычалі ды мацюкаліся.

«Бабуля стала крычаць: «Не пужайце дзяцей». А ён ёй: «Закрый рот, сука, або я цябе парву». Брат мой сказаў: «Бабуля, памаўчы». Бо ён спужаўся, што яе будуць біць. А АМАПавец, самы ўкормлены, сказаў яму: «Закрый, сука, рот, і прыклаў пісталет да ягонай галавы», – узгадвае ўнучка Лідзіі Людміла Шкуратава.

«Потым грукае дзвярыма, аж дом трасецца, і пайшлі яны. І мы сядзім у шоку», – распавядае малы Уладзімір Юзэпчук.

Менавіта да ягонай галавы міліцыянт прыкладваў пісталет, каб усіх застрашыць. Чацвёра дзяцей ад 8 да 14 гадоў атрымалі псіхалагічную траўму. А бабуля Лідзія Юрчанка адчувала моцныя болі ў сэрцы, а праз тры дні памерла.

«Стрэс. Яна не вытрымала, спачатку быў сардэчны прыступ, а потым абарваўся тромб у сэрцы», – тлумачыць Таццяна Шкуратава, дачка памерлай.

Масавыя затрыманні магілёўскіх цыганоў прайшлі жорстка, з выломваннем дзвярэй і вокнаў, з ліпавымі пратаколамі аб дробным хуліганстве, са здзекамі ды абразамі. Ува ўсіх мясцовых ромаў – шок, і ўсе ўзгадваюць падобныя падзеі ў вайну.

«Забіраюць з дому, цягнуць за валасы – куды? А раптам у лес завезлі, пастралялі цыганоў?» – кажа Вольга Юзэпчук, што жыве побач.

«Мы цыганы, але мы беларускія. У нас тут дзеці, мы тут нарадзіліся і жывем. Мы ўжо мясцовыя. А яшчэ сказалі, што мусім шукаць іншыя месцы ды іншую краіну», – абураецца жыхарка Грабянёва Кацярына Стаяновіч, якая таксама трапіла пад міліцэйскі рэйд.

Нагодай для жорсткіх антыцыганскіх пагромаў па ўсёй Беларусі стала смерць магілёўскага лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча, якога знайшлі ў лесе застрэленага, у кайданках. Цяпер Следчы камітэт сцвярджае, што Патаповіч – суіцыднік, інсцэнаваў сваё забойства, а для гэтага выдумаў і даслаў паведамленне, што яго нібыта выкралі цыганы на чорнай «Волзе».

«Гэта нішто іншае, як распальванне міжнацыянальнай варожасці. Бо мы бачым, у Магілёве звыш 100 чалавек затрымалі, па 3 содняў трымалі. Сёння да мяне звярнуліся прадстаўнікі цыганскай дыяспары ў Гомлі, якіх таксама затрымалі», – каментуе гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Вольга Нячаева і Мікалай Ануфрыеў – кіраўнікі грамадскай арганізацыі «Рамана дром», якая займаецца прававою і сацыяльнаю дапамогай ромам у Гомлі. Яны перажылі падобны рэйд зранку ў пятніцу. Вольгу тады забралі ў райаддзел міліцыі, забралі тэлефон, які дасюль не аддалі.

«Мне потым пагражалі, што зоймуцца маёй сямʼёй – на якой падставе?» – плача Вольга Нячаева.

Цяпер гомельскія цыганы рыхтуюць калектыўны зварот у пракуратуру, каб пагромы не паўтараліся. Шмат пацярпелых ад міліцыі давялося пераконваць.

«Яны баяцца, каб яшчэ горш не было. Каб іх яшчэ больш не запрэсавалі», – кажа Мікалай Ануфрыеў.

Раней скаргу на дзеянні міліцыі ў пракуратуру накіравалі магілёўскія і менскія праваабаронцы. Яны падкрэсліваюць, што масавыя затрыманні і жорсткае абыходжанне толькі з прычыны прыналежнасці да народу – гэта дыскрымінацыя, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, а значыць, – парушэнне Крымінальнага кодэксу.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Гарачы каментар
«Няхай той амапавец жыве і ведае, што ён чалавека забіў»
2019.05.22 23:21