Смерць ад каронавірусу страхуюць, але ж Лукашэнка кажа, што ад яго не памёр ніводзін чалавек


Сям’я Быкоўскіх з Менску звярнулася ў страхавую арганізацыю «Белдзяржстрах» 23 сакавіка – амаль адразу, як колькасць захворванняў на каронавірусную інфекцыю ў Беларусі пачала расці. Журналіст Вольга Быкоўская адзначае:

«Ёсць рэальная небяспека захварэць на каронавірус, а мы маем шанец хоць мінімальна падстрахавацца на час, калі мы будзем хварэць. Бо, не сказаць каб нейкія вялікія заробкі былі, але калі мы не працуем, то трэба нейкім чынам усё роўна карміць сямʼю, есці, піць».

Дачка Вольгі – Наста Быкоўская – падтрымлівае маці:

«Калі нешта і будзе – то лепей, каб гэтага не было, але калі і будзе, то мы ўжо падрыхтаваліся».

Застрахавацца – каштуе 30 рублёў. Захварэламу на каронавірусную інфекцыю абяцаюць шэсцьсот рублёў выплаты, а ў выпадку смерці ягоныя родныя атрымаюць 3 тысячы беларускіх рублёў. Віктар Хамярчук, заснавальнік страхавой кампаніі «Альвена»:

«Страхаўшчыкі адрэагавалі дастаткова хутка, таму што працэдура зменаў правілаў, дапаўненняў, гэта дастаткова доўгая працэдура. І прапрацаваўшы ў страхаванні больш за 30 гадоў, магу сказаць, што нейкай асаблівай выгады ад такога віду страхавання тут не праглядаецца для страхавых арганізацыяў, асабліва калі здарыцца масавае заражэнне».

Сёння застрахавацца ад COVID-19 прапаноўвае цэлы шэраг кампаніяў – «Прамтрансінвест», «Таск», «Белнафтастрах» ды іншыя. Ці давяраюць падобнаму віду страхавання жыхары сталіцы?

«Цяпер эпідэмія пойдзе. І што? Усе будуць застрахаваныя? Гэта лухта поўная. Проста піраміда, і ўсё».

«Калі шчыра, я ва ўсе гэтыя страхоўкі не веру. Ёсць сітуацыі, якія яны спецыяльна робяць, што нічым не дакажаш».

«Здаровы малады арганізм гэта перанясе, і па факце – нічога страшнага, і сэнсу страхавацца ад гэтага няма. Калі ты ў зоне рызыкі, табе за сорак, то можа быць і варта. Але гэта рэальна баль падчас халеры».

Скептыкаў, прынамсі сярод апытаных, – болей, чым прыхільнікаў. Для выплаты кампенсацыі чалавек мусіць прадʼявіць страхавой кампаніі адмысловы дакумент.

«Мусіць быць пацверджаны дыягназ каронавіруснай інфекцыі для таго, каб атрымаць страхавую выплату», – кажуць у кол-цэнтры «Белдзяржстраху».

Але, як мы ведаем, на самым высокім узроўні беларусам заяўляюць:

«У нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каронавіруса. Ні адзін! І спецыялісты з Сусветнай арганізацыі здароўя – яны гэта бачылі. Яны памерлі ад букету хваробаў хранічных, якія ў іх былі. Гэта сардэчна-сасудзістая недастатковасць, гэта дыхальная, лёгачная недастатковасць», – Аляксандр Лукашэнка.

Каронавірус сапраўды стварае небяспеку перадусім для асобаў з аслабленым імунітэтам і з ужо наяўнымі захворваннямі. То бок, тая ж пнеўманія і нават смерць ад яе – без пацверджанага дыягназу, каронавіруснай інфекцыі, страхавым выпадкам не лічыцца.

У шматлікіх выпадках медыкі не праводзяць тэстаў на каронавірус, адпраўляючы хворых дахаты. Часта і праведзеныя тэсты даюць няправільныя вынікі. Дыягназ «каронавірусная інфекцыя» – таксама з’ява рэдкая. То як у такім разе даказаць страхаўшчыку права на кампенсацыю?

Страхаванне не папярэджвае а толькі змякчае наступствы. Пра якія б сумы ні ішла гаворка – 30 рублёў або шэсцьсот ці тры тысячы – лепш трымацца прафілактычных захадаў, каб не зрабіцца ахвяраю страхавой сітуацыі.

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Фота – president.gov.by