Следчы камітэт распачаў крымінальную справу, у Еўразвязе абмяркоўваюць санкцыі


Паводле Следчага камітэту, на гэтым відэа незаконны мітынг, а таксама грубае парушэнне грамадскага парадку групай асобаў з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі, падчас якога пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных справаў. Прынамсі гэтак апісаныя акалічнасці крымінальнай справы супраць актывіста Сяргея Ціханоўскага, затрыманага спецназам 29 траўня ў Горадні падчас збору подпісаў за вылучэнне ягонай жонкі Святланы кандыдатам на прэзідэнцтва.

9 з 10 затрыманых у справе Ціханоўскага могуць атрымаць да 3 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а аднаму з фігурантаў пагражае да 6 гадоў калоніі за гвалт у дачыненні міліцыянта. Праўда, для праваабаронцы, былога следчага Алега Волчака відавочнае перавышэнне службовых паўнамоцтваў з боку міліцыі.

«Два працаўнікі міліцыі не прадставіліся Сяргею Ціханоўскаму, хапалі яго за рукі. Мала таго, Ціханоўскі да іх звяртаўся: прыбярыце ад мяне гэтую жанчыну, Кузьміну, якая да яго чаплялася», – тлумачыць кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву».

Гэтую жанчыну інтэрнаўты хутка апазналі як работніцу секс-паслуг. А міліцыянт, які падае на зямлю – гарадзенскі ўчастковы, «старлей» Уладзімір Казлоўскі. Задача сілавікоў – захаваць стабільнасць у Беларусі, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на адмысловай нарадзе.

«Спачатку прадстаўнікі шэрага ініцыятыўных груп злоўжываюць правам на правядзенне пікетаў для разладжвання сітуацыі і дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі, потым яны сфарміруюць каманды і групы баевікоў, якія, не выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы», – даваў Лукашэнка ўстаноўку да выбараў КДБ, Следчаму камітэту, МУС і іншым сілавікам.

Такія заявы – ціск на следства, мяркуе кіраўнік праваабарончага цэнтру.

«Ідзе псіхалагічны ціск перадусім на следчых, на пракурораў, каб яны гэтую справу працягвалі, каб былі ўпэўненыя ў законнасці затрымання», – тлумачыць Алег Волчак.

У «справе Сяргея Ціханоўскага» Следчы камітэт правёў ператрусы – за канапай на лецішчы ягонай цешчы нібыта знайшлі $ 900 тысяч – з трэцяй спробы. А зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую міліцыя затрымлівае адразу на пікетах. Праваабарончы цэнтр «Вясна» бачыць у крымінальным пераследзе ўсе падставы прызнаць фігурантаў палітвязнямі. Падобную ацэнку падзеям даў і Еўразвяз.

«Улічваючы беспадстаўны характар пераследу і ўтрымання пад вартаю Ціханоўскага, мы запатрабавалі ягонага безумоўнага вызвалення і адмены ўсіх абвінавачанняў супраць яго ды іншых актывістаў», – заявіў падчас брыфінгу ў Еўракамісіі ў Брусэлю Пэтэр Стана, прадстаўнік Кіраўніка дыпламатыі Еўразвязу Жузэпа Бурэля.

Толькі ў траўні ў Беларусі прайшло больш за 200 затрыманняў, звязаных з палітычнымі падзеямі, падкрэслівае еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, які адказвае за беларускі кірунак.

«Ад пачатку траўня мы назіраем за кардынальным пагаршэннем сітуацыі, пераследам апазіцыі, незалежных палітыкаў у Беларусі. І гэта робіцца сістэматычна», – кажа сталы дакладчык Еўрапарламенту па Беларусі.

Аўштравічус накіраваў кіраўніку еўрапейскай дыпламатыі ліст з просьбай перагледзець палітыку ў дачыненні ўладаў нашае краіны.

«Я выказваюся за неабходнае ўвядзенне кропкавых, персанальных санкцыяў, магчыма, з фінансавымі санкцыямі», – паведаміў «Белсату» Пятрас Аўштравічус.

Большасць іншых вылучэнцаў у кандыдаты на прэзідэнцтва таксама назвалі дзеянні міліцыі супраць Ціханоўскага правакацыяй.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»