Скандал у ЗША: Расея праз «Фэйсбук» умяшалася ў выбары


З чэрвеня 2015-га да траўня 2017-га года 470 падстаўных акаўнтаў і старонак у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» выдаткавалі каля ста тысяч долараў на больш як тры тысячы рэкламных паведамленняў на тэму міжрасавых адносінаў у ЗША, амерыканскіх сексменшасцяў і нават правоў на нашэнне зброі. У гэты перыяд у краіне праходзілі выбары, нічога незвычайнага – скажа нехта. Калі б не адно «але».

«Наш аналіз паказвае, што старонкі і акаўнты былі звязаныя міжсобку і, хутчэй за ўсё, імі кіравалі з Расеі», – заявіў кіраўнік службы бяспекі «Фэйсбуку» Алекс Стэймас.

Рэклама не казала наўпрост карыстальнікам сацыяльнай сеткі, за якога кандыдата варта галасаваць, але выкарыстоўвала ў паведамленнях словы «патрыёт» і «ўцякач», што перагукалася з перадвыбарчай рыторыкай Доналда Трампа. Мэсэджы былі адрасна накіраваныя на выбраныя групы насельніцтва. Чарговы аргумент на карысць умяшання Крамля ў амерыканскую прэзідэнцкую кампанію? Магчыма…

Але чаму менавіта праз «Фэйсбук»?

Сёння налічваюцца дзесяткі ды сотні мільёнаў карыстальнікаў ангельскамоўнага сегменту «Фэйсбуку». Рэклама праз гэтую сацыяльную сетку, ненадакучлівая, але абавязкова прысутная ў стужках кожнага, хто ёй карыстаецца, носіць кантэкставы характар і лічыцца адною з самых эфектыўных. Менавіта таму «Фэйсбук» дасягнуў такой высокай капіталізацыі.

Інфармацыя была агучаная падчас слуханняў у амерыканскім Кангрэсе. Замоўцамі рэкламы прадстаўнікі «Фэйсбуку» называюць расейскае «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў», больш вядомае як «фабрыка пракрамлёўскім троляў». Вядома, што яшчэ $ 50 тыс было выдаткавана на больш чым 2 тысячы рэкламных паведамленняў іншымі карыстальнікамі, таксама, магчыма, звязанымі з Расеяй. У суме гэта $ 150 тыс. Ці хопіць гэтых сродкаў для таго, каб правесці эфектыўную рэкламную кампанію?

«Пры існым кошце рэкламы і з улікам таго, што яе размяшчалі індывідуальныя карыстальнікі, гэта даволі вялікія сродкі. Ахоп мог скласці дзясяткі мільёнаў чалавек. Ну і трэба памятаць, што такую рэкламу складана адсачыць. У статыстыку «Фэйсбуку» магла трапіць толькі надводная частка айсберга гэтай зʼявы», – тлумачыць філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Варта ўлічваць іншыя інфармацыйныя каналы, якімі актыўна карыстаецца Крэмль для ўплыву на замежную аўдыторыю. Тэлеканал «Russia Today» атрымаў у 2016-м годзе $ 310 млн з расейскага бюджэту на, цытата, «удзел Расеі ў міжнародным інфармацыйным абмене».

Усю выяўленую «Фэйсбукам» інфармацыю перадалі амерыканскім уладам для ацэнкі магчымага ўплыву Расеі на выбары ў ЗША. У Кангрэсе абяцаюць разабрацца, ці існавала каардынацыя паміж расейскімі сеціўнымі правакацыямі і асяроддзем Доналда Трампа.

Ігар Кулей, «Белсат»