Сірату ў Чавусах размеркавалі прыбіраць навоз


Вадзіму 20 гадоў, ён сірата, значную частку жыцця правёў у дамах-інтэрнатах. У Хоцімскім ліцэі нумар 16 Вадзім атрымаў прафесію слесар-тынкоўшчык і мінулым летам вярнуўся на малую радзіму ў Чавусы. Як сірату, дзяржава выдзеліла Вадзіму сацыяльнае жытло і дапамагла з працаўладкаваннем.

«Мяне па спецыяльнасці, справа ў тым, што не ўзялі. Таму, што дырэктар Шэндзераў даслаў да аднаго дырэктара, а дырэктар сказаў, навошта ты нам патрэбны?», – кажа Вадзім Рафаенка.

Працаўладкаваннем Вадзіма займаўся начальнік аддзелу занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкаму Уладзімір Шэндзераў. Адзінае месца, куды яму ўдалося ўладкаваць Вадзіма, – гэта агракомплекс «Зарэчча», які месціцца за горадам.

«Як сусед праходзіць камісію, дык я нават не праходзіў, мяне адразу, як ўзялі, і ўсё. Я без працоўнай, без медыцынскай даведкі, я ніякі. Уладкавалі мяне і ўсё – будзеш працаваць. Там я і катаю навоз, і чышчу пад быкамі ляпешкі, гэта ўсё», – распавядае Вадзім.

Паводле Вадзіма, яго часта просяць выйсці на працу за вартаўніка. Хлопец не адмаўляе. Ён штодзень ходзіць на працу пешшу, дарога ў адзін бок займае ад сарака хвілінаў. Пра грошы, кажа Вадзім, лепш не пытацца: маўляў, комплекс перажывае не лепшыя часы. Не можа знайсці нармальнай працы і Вадзімаў сусед – Паша Кротаў. Пра Пашын лёс распавядае жыхарка вёскі Гарбавічы Марыя Кульманава:

«Былы дзетдомавец Паша Кротаў жыве ў Чавусах і не можа знайсці працу доўгі час са жніўня месяца…У Магілёве знайшоў ён працу прыбіраць пад’езды, прайшоў камісію платную, але, калі яго ўбачылі, яму адмовілі, бо па ім відаць, па ягоным выглядзе, разумовая адсталасць».

Марыя Кульманава брала дзяцей-сіротаў з інтэрнатаў на выходныя і канікулы – у гэтак званую гасцявую сямʼю. Так яна і пазнаёмілася з шмат якімі дзецьмі і дагэтуль сочыць за іх лёсам ужо ў дарослым жыцці.

«Якія яны хворыя, якія яны не прыстасаваныя, што яны нікому не патрэбны. Адукацыя зусім пра іх не клапоціцца. Выпусцілі і ўсё. Далей, як хочаце, так і самі жывіце, а ім вельмі складана», – кажа Марыя Кульманава.

Пра сітуацыю Вадзіма мы запыталіся ў дырэктаркі Чавускага раённага цэнтру абслугоўвання насельніцтва Юліі Казырэнкі:

«Мы будзем разбірацца, няхай Вадзім падыходзіць сам у Цэнтр, мы разбяромся, мы дзяцей-сірот не кідаем. І ў нас раён займаецца імі да пасялення, без пытанняў мы з Вадзімам звяжамся і ў гэтай сітуацыі разбяромся», – адказала Юлія Казырэнка.

Як нам сказалі ў цэнтры, яны курыруюць сіротаў да дваццаці чатырох гадоў. Вадзіму яшчэ толькі 20. «Белсат» будзе сачыць за сітуацыяй і наведае Вадзіма праз некалькі месяцаў.

Вольга Васільева belsat.eu