Штогод выкідаецца 1,5 мільярда тон ежы. Ці вырашае праблему фудсэйвінг?


«Фудсэйвінг» – гэта сацыяльна-экалагічны рух, які ратуе прыдатную да спажывання ежу. Менавіта гэтым хоча заняцца сэрвіс распродажы рэстаранных страваў «Смачнаежка». Пакуль сэрвіс распрадае лішкі са зніжкай не больш за 40 %.

Насамрэч такую зніжку кліент можа знайсці і ў абедзенным меню некаторых рэстаранаў, – кажуць крытыкі «Смачнаежкі». Стваральнікі сэрвісу на крытыку адказваюць:

«Платформа функцыянуе пакуль што толькі тыдзень. Безумоўна, маім партнёрам таксама трэба псіхалагічна паспець да 75%», – тлумачыць Вольга Грынёва, пачынальніца ініцыятывы.

«Фудсэйвінг» паўстаў 7 гадоў таму ў Нямеччыне. Там ён мае розныя формы, але ў адрозненні ад менскага сэрвісу ў Нямечыне такія ініцыятывы звычайна маюць сацыяльны характар і раздаюць там ежу бясплатна. Чаму б не зрабіць «Смачнаежку» таксама на цалкам бясплатнай аснове?

Вольга Грынёва, пачынальніца ініцыятывы:

«Я падгледзела сваю ідэю ў Нарвегіі, у Нямеччыне я не была, была ў Нарвегіі. Там ніхто бясплатна ежу не раздае. У мяне ідзе суправаджэнне сэрвісу, у мяне ёсць тая ж бухгалтэрыя. То бок гэта адміністратар, які выкладвае ўсю гэтую інфармацыю, ёсць мае часовыя выдаткі».

Цяпер да сістэмы «Смачнаежка» далучылася 11 рэстаранаў. Некаторыя шчыра вызнаюць, што ініцыятыва дапаможа ім пашырыць вытворчасць прадукцыі.

Юка Куст, саўладальнік рэстарацыі Gruzin.by:

«Мы можам ужываць гэты інструмент у такім ключы, што больш нарыхтоўваць ежы да першай абеднай хвалі і адпаведна мы лепш падрыхтаваныя да абеду. Калі ў абед прыйшло шмат людзей, і яны ўсё гэта з’елі, то окей. Але калі прыйшла недастатковая колькасць людзей, то мы вось гэтыя нарыхтоўкі, што засталіся, папросту прадалі праз сэрвіс».

Але ж больш нарыхтовак значыць больш лішкаў. Паводле дадзеных ААН, штогод у свеце выкідаецца каля паўтара мільярда тон ежы. Гэтым заклапочаныя эколагі, якія вітаюць такія ініцыятывы як «Смачнаежка», але маюць да іх свае пытанні.

Марыя Сума, супрацоўніца цэнтру экалагічных рашэнняў:

«У прыладзе няма інфармацыі, чаму канкрэтна гэтыя прадукты распрадаюцца. Для мяне было б важна разумець як экалагічнаму актывісту, чалавеку, які заклапочаны непрапарцыянальным размеркаваннем прадуктаў, ведаць, чаму канкрэтна гэты прадукт прадаецца зараз».

У бліжэйшую нядзелю стваральніца праекту «Смачнаежка» Вольга Грынёва сустрэнецца з эколагамі, каб абмеркаваць праблемы сэрвісу і, натуральна, палепшыць яго працу.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu