Штодня 40 беларусаў памірае ад хваробаў, звязаных з паленнем


Хто здароўю не шкодзіць, той правільна робіць. Сёння – сусветны дзень без тытуню. У Беларусі не менш 2 мільёны курцоў. Пра наступствы залежнасці распавядаюць на адмысловых лекцыях у школах. А як гэта стасуецца з усюдыіснымі «Табакеркамі»?

Дым цыгарэтаў. Зусім нескладана злавіць гэты своеасаблівы пах на вуліцах нашых гарадоў. Апытаныя намі жыхары Віцебску кажуць:

«Гэта шкодная звычка. Вядома, хочацца пазбавіцца ад яе».

«Калі б навакольных побач не было, каб не палілі. А як можна кінуць паліць, калі ўсе побач паляць?»

«Спрабаваў два разы кінуць, не атрымоўваецца».

А кінуць усё ж такі варта. Як гаворыць лекар Васіль Аўраменка, паленне спрыяе развіццю шматлікіх хваробаў, і не толькі органаў дыхання, але таксама страўніка і сасудаў:

«Той, хто паліць, у 18 разоў часцей хварэе атэрасклерозам сасудаў ног, чым тыя, хто не паліць. Гангрэны, тое, што адразаюць ногі курыльшчыкам, – гэта такая, скажам, праблема вялікая. Але сасуды не толькі ног, але сасуды сэрца, сасуды мозгу таксама больш цярпяць у тых, хто паліць».

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, штодня ў нашай краіне ад хваробаў, звязаных з паленнем, памірае прыкладна 40 чалавек. З іх чатыры чалавекі – гэта так званыя пасіўныя курцы. Прагназуецца, што з двух мільёнаў курцоў у Беларусі заўчасна памрэ палова.

«Тыя людзі, што не паляць, яны маюць поўнае права не быць удзельнікамі гэтага паталагічнага працэсу. Каб не хварэць ад таго, што навакольныя суседзі паляць», – кажа неўролаг Васіль Аўраменка.

Сёння ж стартавала дзяржаўная адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню». Кампанія працягнецца да 21 чэрвеня – пачатку Еўрапейскіх гульняў. Таксама 27 ліпеня запрацуе гэтак званы антытытунёвы дэкрэт, які ўводзіць новыя абмежаванні на паленне.

«Усе змагаюцца з тытунём, з аднаго боку, з другога боку – ёсць інтарэсы вузкай групы», – кажа Ігар Маслоўскі з БСДП «Грамада» і кампаніі «За свой горад».

Нягледзячы на антытытунёвую рыторыку, па ўсёй Беларусі з’явіліся адмысловыя шапікі – «Табакеркі». Яны належаць бізнесоўцу Аляксею Алексіну, якога, у сваю чаргу, бачаць побач з Віктарам Лукашэнкам. У Берасці павільёны пакуль так і не запрацавалі, бо мясцовыя актывісты змагаюцца за ліквідацыю шапікаў.

«Мы, вядома, прапаноўваем яшчэ адзін варыянт. Вызначыць у горадзе 2–3 такія месцы на ўскрайку гораду, і пастаўце там хоць 10 шапікаў», – кажа Ігар Маслоўскі.

У петыцыі да мясцовых уладаў, якую падпісалі 4,5 тысячы чалавек, патлумачылі, што наяўнасць «Табакерак» на прыпынках і недалёка ад школаў – гэта непрыхаваная рэклама спажывання тытуню.

Яшчэ адзін чыннік, які ўплывае на папулярнасць палення, – цэны. Акцыз на самыя дарагія цыгарэты ў Беларусі складае траціну ад кошту пачка. Сусветная арганізацыя здароўя ж рэкамендуе, каб доля акцызу была не меншая за 75%. Захада, можа, і не папулярная, але затое здаровая.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu