Што зрабіць, каб вярнуць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»?


Роўна 24 гады таму ў Беларусі прайшоў рэферэндум. Яго ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка. На галасаванне вынеслі пытанні аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і гербу «Пагоня» як дзяржаўных сімвалаў, аб адмене статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання:

«Згодна з Канстытуцыяй Вярхоўны Савет да канца сваёй кадэнцыі – 6 месяцаў – не меў права прызначаць ніякага рэферэндуму. І адпаведна да дэпутатаў звярнуліся з патрабаваннем парушыць Канстытуцыю».

Да таго ж, згодна з законам «Аб народным галасаванні», нельга выносіць на рэферэндум пытанні, звязаныя з нацыянальнай гісторыяй, традыцыямі, культурай, мовай. Іх вынеслі, у выніку беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай. А развіццё краіны Лукашэнка павярнуў у бок Расеі.

Сяргей Антончык, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання:

«Для яго была задача не развіваць грамадства, не будаваць краіну, а ў першую чаргу ўсталяваць сваю неабмежаваную ўладу. І канешне, ён зрабіў стаўку на Расею, таму што гэта адзіная краіна, якая падтрымлівала і падтрымлівае ўсіх дыктатараў ці людзей, якія мелі схільнасць да аўтарытарнай улады».

Не дапусціць такой улады ў Беларусі спрабавалі дэпутаты Вярхоўнага Савету. Непасрэдна ў Авальнай зале больш за два дзясяткі народных абраннікаў абвесцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму.

Аляксандр Лукашэнка, ініцыятар рэферэндуму (Архіў 11.04.1995):

«Дык калі знайшоўся чалавек, які бярэ на сябе адказнасць, ініцыюе пытанні, чаму вы не хочаце падтрымаць? Чаму!? Вы мяне проста штурхаеце, ну не вы, яны, якія стаяць у праходах. Яго ж арыштавалі за хабар. І яны сёння нахрапам пайшлі на прэзідэнта».

У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў масках і камуфляжы збілі дэпутатаў-пратэстоўцаў і выкінулі на вуліцу, праігнараваўшы іхны недатыкальны статус.

Зянон Пазняк, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання (Архіў 12.04.1995):

«За свае правы трэба змагацца. Давайце выконваць фармальна закон. Я прашу вас, яны не спыняцца ні перад чым, як не спыніліся перад дэпутатамі. Яны пагражалі нам аўтаматамі сёння».

Тагачасныя дэпутаты ўзгадваюць, што пастанову аб правядзенні рэферэндуму прынялі з парушэннем працэдуры. Сам працэс таксама адбываўся з парушэннем законаў «Аб рэфэрэндуме» і «Аб статусе дэпутатаў», кажуць палітыкі. Галасаванне супала з выбарамі ў Вярхоўны Савет, але ўсе згадкі пра рэферэндум у выступах апазіцыйных кандыдатаў выразаліся.

Сяргей Антончык, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання:

«Калі ім падсоўваюць ідэі, якія разбуральныя для самога грамадства, а грамадства ўспрымае гэтыя ідэі, то мы маем справу з маніпуляцыяй, маніпуляцыйнымі тэхналогіямі. Частка людзей ішла на рэферэндум, галасавала невядома як, яны проста падтрымлівалі прэзідэнта».

Вынікаў рэферэндуму 1995 года Вярхоўны Савет 12 склікання не зацвердзіў. Гэта адбылося толькі ў 1996 годзе дэпутатамі Вярхоўнага Савету 13 склікання. А праз некалькі месяцаў Лукашэнка скарыстаўся атрыманым у выніку рэферэндуму правам распускаць парламент.

Гэтыя герб і сцяг – сімвалы сённяшняй улады. Ці застануцца яны пасля яе – невядома. Але шмат якія дэпутаты таго ж Вярхоўнага Савету ўпэўненыя: каб вярнуць бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню», дастаткова прыняць пастанову аб непрызнанні вынікаў рэферэндуму 1995 года з прычыны яго антыканстытуцыйнасці.

Вольга Чайчыц, belsat.eu