Што заменіць расейскую нафту?


Што даражэйшае: незалежнасць ці нафта? Беларусь гатовая купляць сыравіну паводле сусветных коштаў і рыхтуецца адказаць Расеі, калі нафтавая спрэчка працягнецца. Пра гэта на адкрыцці заводу ў Светлагорску заявіў Аляксандр Лукашэнка. Як Менск адкажа Крамлю?

Смуроду няма, можна запускаць. Салігорскі цэлюлозны камбінат распачаў працу – на пяць гадоў пазней, чым планавалася. Заводу, пабудаванаму за кітайскі крэдыт на 600 мільёнаў долараў, з бюджэту дадуць яшчэ 80 – каб асвоіць вытворчасць папяровай упакоўкі.

«З такім тэрмінам акупальнасці, які атрымаўся з гэтым заводам, можна ўжо сказаць, што мы страцілі сотні мільёнаў долараў», – каментуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Эканамічныя праблемы пагаршае павышэнне коштаў расейскай нафты. Паводле Лукашэнкі, наўзамен адзіных цэнаў на энерганосьбіты Крэмль прапанаваў уключыць Беларусь у склад Расеі. У адказ Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь будзе купляць нафту паводле сусветных коштаў і не толькі ў Расеі.

«Каб кожны год 31 снежня а дванаццатай ночы не стаяць на каленях. Так быць не павінна, і так не будзе!» – абураўся кіраўнік дзяржавы.

Калі спрэчка вакол цаны на нафту зацягнецца больш як на месяц, Беларусь пачне забіраць сыравіну з транзітнай трубы – прыгразіў Лукашэнка. Менск гатовы нават перакрыць расейскі транзіт, каб па «Дружбе» пампаваць заходнюю нафту сабе.

«Лукашэнка проста выкарыстоўвае інфармацыйныя нагоды, каб «расчахліць» інфармацыйную зброю, накіраваную на беларускае грамадства. Ён стараецца паказаць, што тое, што адбываецца – непрымальна, а тыя цяжкасці, якія стварае сітуацыя, – не з яго віны. У іх вінаватая «злосная» Расея», – тлумачыць эксперт Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей прэзентуе сябе як гаранта незалежнасці. Але ці ён гарант? Паслухаем меркаванні жыхароў Віцебску:

«Прэзідэнт. Ён кантралюе ўсё. А лепш было б, каб сам народ».

«Грошы».

«Напэўна, мы, людзі. А хто ж яшчэ?»

«Не было б працоўных – не было б дзяржавы. На кіраўнікоў надзеі слабыя. Не бачу перспектываў з цяперашнім кіраўніцтвам».

Сярод сёлетніх перспектываў Беларусі – дадатковыя выдаткі на паўтара мільярда долараў. Прыблізна столькі давядзецца даплаціць, калі Крэмль пазбавіць нашую краіну зніжкі на нафту. Скампенсаваць гэтыя страты магчыма, кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. Якая альтэрнатыва расейскай нафце?

«Адкрыццё для свету сваёй эканомікі. Калі нам патрэбныя інвестыцыі – ну няхай прыходзяць капіталісты, ставяць свае заводы. Нам не трэба браць пазыкаў, думаць, калі прадпрыемствы акупяцца. Як у Кітаі!» – падказвае Леанід Злотнікаў.

З мэтаю палепшыць інвестыцыйны клімат Мінэканомікі запрапанавала стварыць адмысловы савет. У яго маюць увайсці ня толькі беларускія чыноўнікі, але і прадстаўнікі буйных расейскіх ды заходніх карпарацыяў – ад «Яндэксу»ды «Ікеі» да «Штадлера».

Аляксандр Папко, «Белсат»