Што ў свеце думаюць пра правы чалавека ў Беларусі


Amnesty International выдала гадавую справаздачу, у якой ацаніла сітуацыю з праблемамі правоў чалавека ў нашай краіне.

Масавыя пратэсты, брутальныя затрыманні ды збіццё мірных грамадзянаў. Гэта тое, чым запомнілася леташняе грамадскае жыццё ў Беларусі. Не дзіўна, што кадры з леташняга Дня Волі, само сабой, не паказаныя на дзяржаўным тэлебачанні, абляцелі ўвесь свет.

І выклікалі адпаведную рэакцыю. Найбуйнейшая праваабарончая арганізацыя Amnesty International зафіксавала мноства парушэнняў правоў чалавека.

«Вядома пра чатыры смяротныя прысуды, які былі вынесены ў 2017 годзе. Пра адзін з іх мы даведаліся значна пазней, ужо летась», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Сярод вязняў сумлення AI адзначыла 23-гадовага Змітра Паліенку, якога пазбавілі волі на паўтара года. Заўважыла сусветная арганізацыя і пераслед больш як 100 журналістаў. У дакладзе, сярод іншага, згадваецца і прозвішча Ларысы Шчыраковай, якой за супрацу з нашым тэлеканалам пагражалі забраць 11-гадовага сына.

Правы чалавека – гэта не толькі свабода слова і мітынгаў. Сярод іншых праблемаў паўстае ў Беларусі і пытанне прымусу да працы. І гэта не толькі славуты дэкрэт нумар 3, які ўлада была вымушаная пад ціскам пратэстаў адмяніць.

«Усе тыя элементы прымусовай працы, якія ў нас існуюць, яны ўсе застаюцца, яны ўсе актыўна выкарыстоўваюцца. Я маю на ўвазе і сістэму ЛТП, усе гэтыя суботнікі, сельгасработы і таму падобнае. Міжнародная арганізацыя працы ўжо звяртала ўвагу», – кажа Валянцін Стэфановіч.

У дадатак ёсць парушэнні, на якія за мяжою менш звяртаюць увагі. Гаворка ідзе пра далейшую дыскрымінацыю дзяржаўнай беларускай мовы. Валянцін Стэфановіч зазначае, што нават за савецкім часам беларуская мова мела больш правоў, чым у лукашэнкаўскай Беларусі.

Усе гэтыя парушэнні могуць спыніцца, але для гэтага патрэбная палітычная воля кіраўніцтва краіны. Пакуль жа такога памкнення не назіраецца.

Вітаўт Сіўчык; фота – Reuters