Што страціла Беларусь пасля сыходу Анемпадыстава?


Чалавек глыбокай інтэлігенцыі, густу і таленту, а таксама проста знакавая асоба для беларускай культуры. Творца, які напісаў гімн свайго пакалення, бо ягоныя тэксты да «Народнага альбому» беларусы ведаюць амаль на памяць. Паэт і мастак, Міхал Анемпадыстаў раптоўна пайшоў з жыцця ва ўзросце 53 гадоў. Прычынаю стаўся інсульт.

Што мы страцілі пасля сыходу творцы?

Простыя словы, якія для беларусаў сталі настолькі блізкімі, быццам народныя. Іх спявалі ўдома, на выпускных імпрэзах, студэнты, школьнікі, выкладчыкі.

Але ў народнага тэксту ёсць аўтар. Сэнс простым рэчам і простым словам надаў паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў.

«Гэта прыклад інтэлігента беларускага, таму што гэтага сапраўды зараз бракуе. Ён густоўна апранаўся, ён густоўна гаварыў. Ён мог шыкоўна весці дыскусію, нават з тымі людзьмі, скажам так, не самымі лагоднымі, прыемнымі, з пункту гледжання ідэалогіі, ягонай, асабістай», – тлумачыць Зміцер Вайцюшкевіч, музыка і ўдзельнік «Народнага альбому».

Багатая біяграфія

Нарадзінец Менску, студэнт Менскай мастацкай вучэльні, пазней удзельнік суполкі «Майстроўня». Галоўным сваім творчым дасягненнем ён называў стварэнне «Народнага альбому». Супольны музычны праект пра міжваенную заходнюю Беларусь паўстаў у 1997 годзе.

«Ён пастаянна быў у працы, у нейкіх дэдлайнах. Гэта быў неверагодна светлы, душэўны чалавек, жыццярадасны, высокаадукаваны. Інтэлектуал у класічным сэнсе гэтага слова. Міхал па сутнасці адзін з пачынальнікаў беларускай рок-паэзіі», – тлумачыць музычны журналіст Сяргей Будкін.

«У творчых справах ён мог быць часам вельмі жорсткім, у творчым сэнсе. Ён быў вельмі дакладным, вельмі карэктным. Ягоная так значыла так, ягонае не – гэта значыць можна другі раз не падыходзіць», – дадае музыка Аляксандр Памідораў.

Чалавек, які быў прыкладам

І творцам не аднаго таленту. Не толькі паэт, але дызайнер, графік, плакатыст, фатограф. Зрэшты, менавіта візуальнае мастацтва ён называў сваёй галоўнай прафесіяй. Сярод іншага ён графічна афармляў праграмы нашага тэлеканалу. Летась Анемпадыстаў прэзентаваў кнігу «Колер Беларусі».

«Тое, што ён зрабіў у часопіснай графіцы ў свой час – гэта проста ўзорнае аздабленне »Бярозкі«, ён рабіў ілюстрацыі »Крыніцы«. Потым Міхал – плакатыст, гэта асобная гісторыя і я лічу, што ягоныя плакаты вартыя вісець у самых лепшых нашых музеях», – даводзіць пісьменнік і мастак Адам Глобус.

Журналістка Вольга Гардзейчык, якая была сябрам і калегам Міхала, падсумоўвае: «Ён быў наскрозь беларускі, усё, што ён рабіў – ён рабіў для Беларусі, Нам трэба таксама старацца быць такімі, як ён, каб трымаць гэтае каралеўства Беларусь на сваіх, цяпер ужо асірацелых плячох».

Таццяна Рэут, «Белсат»