Што робіць Беларусь сусветным лідарам у гандлі зброяй?


Мы, беларусы, вядома ж – мірныя людзі. Але адначасова нашая краіна зʼяўляецца адным галоўных у свеце гандляроў зброяй. Беларусь увайшла ў топ-25 найбуйнейшых экспарцёраў асноўных відаў узбраення. Якім чынам нашая краіна выбілася ў лідары ўсясветнага ваенпраму? Ды каму ідуць прыбыткі з гэтага далёка не мірнага бізнесу?

Злучаныя Штаты, Расея ды Кітай.

Тры наймагутнейшыя ваенныя сілы ў свеце – у гэтым жа парадку ачольваюць і сусветныя рэйтынгі вытворцаў ды экспарцёраў зброі. Затым ідуць, збольшага краіны Еўразвязу плюс Украіна, Ізраіль ды Паўднёвая Карэя. Беларусь у гэтым пераліку – на васямнаццатым месцы.

Як паведамляе Стакгольмскі міжнародны інстытут праблемаў міру, у апошнюю пяцігодку – з 2012-га па шаснаццаты год, нашая краіна прадала за мяжу зброі на $ 625 млн. Палова з гэтай cумы – баявыя летакі. Штопраўда, тлумачаць адмыслоўцы, у нашай краіне новыя знішчальнікі ды верталёты не вырабляюцца, але якасна мадэрнізуюцца савецкія мадэлі.

«Я думаю, што калі браць па грошах – па прыбытку, які яны прыносяць, то першае месца належыць 558-му авіярамонтнаму заводу. Менавіта ён займаецца мадэрнізацыяй знішчальнікаў і бамбардзіроўшчыкаў, якія мы потым прадаем», – тлумачыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

На другім месцы – продажы мадэрнізаваных сістэмаў супрацьпаветранай абароны

Абаронай неба займаецца Баряўкі завод радыёэлектроннага абсталявання. Cіcтэмы СПА займаюць траціну айчыннага вайсковага экспарту. На трэцім месцы – бронетранспарцёры. Адметна, што з субʼектаў, пералічаных на сайце дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, больш за палову – гэта прыватныя фірмы.

«Мінатор-сэрвіс ён доўга займаецца ўжо рамонтам егіпецкіх бронетранспарцёраў. Ужо на сотні мільёнаў долараў адрамантаваў. Прадпрыемства «Тэтраэтэр» мадэрнізуе сістэмы старыя савецкія СПА. Прадпрыемства «Алевкурп» таксама займаецца мадэрнізацыяй сітэмаў СПА», – кажа спадар Алесін.

Камерсантаў зручней выкарыстоўваць

Тагачасны старшыня беларускага згуртавання вайскоўцаў падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч узгадвае, як ад чальцоў яго арганізацыі з афіцэрскага складу масава прыходзілі паведамленні аб карупцыйных распродажах савецкіх арсеналаў пад выглядам лому менавіта праз прыватныя структуры

У 2012 годзе Еўразвяз наклаў санкцыі на ўладальніка Белтэхэкспарту Ўладзіміра Пефціева, назваўшы яго асабістым кашальком сямʼі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля чаго алігарх прадаў фірму пляменніку тагачаснай старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай.

Камерсантаў зручней выкарыстоўваць у пастаўках зброі рэжымам і групоўкам, якія стаяць паза міжнародным правам. Да таго ж, прыватны бізнес, як і ў іншых галінах – дзейнічае, збольшага, больш эфектыўна. Але, у кожным разе, куды б не ішлі прыбыткі ад беларускага гандлю зброяй, нашая краіна, у гэтым сэнсе, зяўляецца шаўцом без ботаў. Як паведаміла нам крыніца ў вайсковым камандаванні Беларусі, айчынны флот баявой авіяцыі зношаны на 80% і рэсурс іх рамонту – вычарпаны. А ў сёлетнім бюджэце закуп новых знішчальнікаў не прадугледжваецца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: inright.ru