Што прапанаваў МВФ, каб не падвышаць беларусам пенсійны ўзрост?

Павялічыць пенсійны ўзрост яшчэ больш прыйдзецца Беларусі ў агляднай будучыні. Гэткае папярэджанне абнародавалі адмыслоўцы Міжнароднага валютнага фонду ў спавешчанні, прысвечаным дэмаграфічнай сітуацыі ў Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе.

Сярод краінаў, якія ў бліжэйшай будучыні зазнаюць згаданыя праблемы, не толькі Беларусь. Але акурат для нашай дзяржавы адмыслоўцы адзначаюць магчымасць і больш спрыяльнага развіцця падзеяў.

Даць людзям працу або далей павышаць пенсійны ўзрост. Гэтак, простымі словамі, можна падсумаваць дылему для ўладаў Беларусі, якую сфармулявалі адмыслоўцы Міжнароднага валютнага фонду.

Адмыслоўцы тлумачаць: падымаюць пенсійны ўзрост у выніку дэфіцыту пенсійнага фонду. Іншымі словамі – выплочваць з яго пенсіянерам даводзіцца больш грошай, чым іх туды паступае ад працоўных. Ужо сёння аднаго пенсіянера кормяць усяго двое працаздольных беларусаў. У Нямеччыне гэты паказнік у 1,5 разу большы. У ЗША сітуацыя ўдвая лепшая. Да таго ж тамтэйшыя пенсіянеры атрымліваюць дадатковыя даходы ад прыватных пенсійных фондаў, у якія адкладаюць грошы цягам працоўнай кар’еры.

«Без структурных рэформаў у нас не будзе іншага выйсця, як далей павялічваць пенсійны ўзрост», – мяркуе сацыёлаг Алена Арцёменка.

Беларусь – не адзіная краіна, што зазнае складанасці з напаўненнем пенсійнага фонду. Расея, Украіна, Малдова, Турэччына, а таксама Латвія ды Балгарыя таксама трапілі ў гэтую своеасаблівую пастку сярэдняга даходу, калі працягласць жыцця вырасла, а новых працаўнікоў нараджаецца ўсё менш.

«Прычына адна – змена дэмаграфічнай структуры насельніцтва Беларусі. Нараджаецца мала, людзі старэюць – вось асноўная прычына», – тлумачыць дырэктарка Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Наталля Рабава.

У Беларусі дэфіцыт пенсійнага фонду ўтварыўся ў 2013 годзе, калі вострыя праявы сістэмнага эканамічнага крызісу пакінулі шматлікіх людзей без працы і вымусілі шукаць яе за мяжою, дзе нашы гастарбайтары падтрымліваюць ужо чужыя пенсійныя сістэмы.

«У пэўны момант нашая краіны мела пэўны дэмаграфічны бонус, калі доля эканамічна актыўнага насельніцтва, у выніку нізкай нараджальнасці, была дастаткова высокай. На жаль, нашыя ўлады не змаглі скарыстацца гэтым, каб менш хваравіта правесці структурныя рэформы», – канстатуе Алена Арцёменка.

Цяпер беларусы выходзяць на пенсію ў 62 гады, а беларускі – у 57. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя лічбы вырастуць з часам яшчэ на адзін год. Раней адмыслоўцы МВФ рэкамендавалі ўладам Беларусі павялічыць пенсійны ўзрост да 65 гадоў – для ўсіх. Апытаныя намі жыхары Менску каментуюць гэта наступным чынам:

«Будуць усе паміраць на працы».

«Я мяркую, што моладзі і так няма дзе працаваць, а яшчэ і старых трэба трымаць на працах. Хай ідуць сабе спакойна на зароблены адпачынак і адпачываюць».

«Самае галоўнае, што за рысай беднасці пенсіянеры, таму іншым разам яны вельмі шчаслівыя лішні раз папрацаваць».

Сярод усіх краінаў, пералічаных у спавешчанні МВФ, Беларусь – адзіная, што, на думку міжнародных адмыслоўцаў, можа абысціся ў агляднай будучыні без далейшага павелічэння пенсійнага ўзросту. Для гэтага, гаворыцца ў дакуменце, трэба больш поўна заняць людзей, якім цяпер больш за 50 гадоў. Сваю праграму рэформаў Фонд прапануе афіцыйнаму Менску ўжо пяты год, у пакеце са стабілізацыйным крэдытам. Перамовам тым пакуль канца не бачна.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Глядзі таксама