Што можна і чаго нельга рабіць з помнікам Менскаму Гарадавому


Чаго толькі не рабілі з помнікам Гарадавога ў Менску! Была і пятля на шыі, і аплявуха, нават бязвінныя спробы завязаць шалік. А сёння скульптуру каля Міністэрства ўнутраных справаў спрабавалі… сагрэць пацалункамі. Аднак праваахоўнікі – супраць гэткіх цёплых праяўленняў з боку грамадзянаў. Дык што ў выніку можна рабіць з Гарадавым і ягоным сабачкам, а чаго нельга?

Гэта была чарговая восеньская раніца ў Менску, калі акторкі Свабоднага тэатру ў наўпроставым эфіры сацыяльных сетак здзейснілі вялікі ўчынак датычна малой архітэктурнай формы. Грамадзянка Святлана:

«Гэта Менскі Гарадавы, які павінен быць расцалаваны сёння».

Як сказалі, так і зрабілі. Але, як у казцы, з’яўляецца прынц. А паколькі дзяўчат некалькі, то і прынц не адзін. Такім чынам дзяўчаты зрабілі больш за ўвесь Адміністратыўны кодэкс і аддзел прапаганды Міністэрства ўнутраных справаў. Бо прынцы нарэшце растлумачылі шырокай грамадскасці, што можна рабіць са скульптураю.

Але чаму тады летась актывіст Вячаслаў Касінераў месяц адседзеў у СІЗА, сёлета няпоўнагадовы Арсеній публічна прасіў прабачэння, а маладзён Зміцер выслухаў выхаваўчую гутарку? Міліцыянты, якія сёння былі ў засадзе за гарадавым, патлумачылі, чаго нельга.

Гэтак, пяць пунктаў забароны супраць двух дазволеных дзеянняў датычна скульптуры. Для турыстаў і мясцовых было б добра ўсталяваць адпаведную таблічку. Мы ж падыходзім да самага важнага: паводле якога права нельга? Грамадзянка Святлана:

«А чаму нельга датыкацца менскіх помнікаў?… Проста настаўленне».

А жаданне кіраўніцтва – закон? Паводле прыкладу, як жаданне прэзідэнта Беларусі – гэта ўказ.

«Ну, блін» – кажа міліцыянт.

Заступнік скульптуры – відаць, не прэзідэнт ці проста архітэктурная форма Гарадавога аказалася малою. А таму акторак давялося адпусціць, а ўсім спачувальнікам Гарадавога – сагрэцца гэтым ранкам пазітыўным сэлфі ад дзяўчат.

Алесь Залеўскі, belsat.eu