Што думае Пуцін пра збіты над Украінаю самалёт?


Расейскі след у расследаванні крушэння малайзійскага боінгу, збітага над тэрыторыяй Украіны чатыры гады таму, выклікаў імгненную рэакцыю свету. ЗША ды шэраг краінаў Еўразвязу абвінавацілі ў злачынстве Расею ды запатрабавалі прыцягнуць вінаватых у нападзе да юрыдычнай адказнасці. Тым не менш Масква сваю датычнасць да інцыдэнту пацвердзіць не спяшаецца, бо не давярае вынікам следства.

Першымі абвінавачанні Расеі ў крушэнні малайзійскага боінга афіцыйна выказалі Нідэрланды і Аўстралія. Грамадзяне гэтых краінаў знаходзілі на борце самалёта, збітага ў небе над усходняй Украінай. Трагедыя чатырохгадовай даўніны забрала жыцці амаль трохсот чалавек.

«Адзіная разумная выснова, якую мы можам зрабіць, абапіраючыся на вынікі, што Расея непасрэдна ўдзельнічала ў збіванні малайзійскага «Боінга» рэйсу МН17, у выніку чаго загінулі 298 пасажыраў і чальцоў экіпажу, уключна з трыццаццю васьмю аўстралійцамі. Аўстралія і Нідэрланды паінфармавалі Расейскую Федэрацыю, што лічаць яе адказнай згодна з міжнародным правам за катастрофу МН17», – заявіла міністарка замежных справаў Аўстраліі Джулі Бішап.

Гэткія заявы прагучалі праз дзень пасля таго, як міжнароднае следства высветліла: ракета, якой збілі пасажырскі самалёт, была дастаўленая на тэрыторыю Украіны з расейскай вайсковай часткі.

«Аб’яднаная следчая група ўсталявала, што МН17 быў збіты зенітнаю ракетаю «Бук», якая, без сумневаў, належыць Узброеным сілам Расейскай Федэрацыі. У дакладзе згадваецца расейскае вайсковае фармаванне, якое размяшчалася на тэрыторыі Украіны ў пазначаны час, у якасці канкрэтна адказнай», – кажа прадстаўніца нямецкага ўраду Марціна Фіц.

А менавіта – вядзецца пра 53-ую ракетную брыгаду пад Курскам, што ўваходзіць у склад Узброеных сілаў Расеі. Пра гэта стала вядома дзякуючы аналізу зенітнай устаноўкі.На абломку ракеты спецыялісты вынайшлі яе серыйны нумар. Фотаздымкі і відэа з сацыяльных сетак дапамаглі адсачыць канвой зброі праз Расею. Тым не менш у следчай групы яшчэ засталіся пытанні.

«У нас ёсць 4 пытанні. Хто ўваходзіў у каманду? Якія інструкцыі былі дадзеныя і кім? Хто нясе адказнасць за аператыўнае разгортванне комплексу «Бук» 17-га ліпеня 2014 года? І, нарэшце, хто мог бы даць нам больш падрабязную інфармацыю аб працэдурах і асобах, адказных у гэтай брыгадзе?», – кажа Вілбэрт Паўлісэн з Аб’яднанай следчай групы.

Еўрапейскі звяз заклікаў Расеі прыняць адказнасць за здарэння, а таксама садзейнічаць таму, каб усталяваць вінаватых і пакараць іх. Тым не менш Масква абвяргае абвінавачанні. Маўляў, Расея не прымала ўдзелу ў расследаванні, а таму не можа давяраць ягоным вынікам.

«Для таго, каб мы прызналі тое, што там выкладаецца, мы мусім прымаць паўнавартасны ўдзел у расследаванні. Але ў любым выпадку мы будзем ставіцца да гэтага ўважліва, з павагаю і прааналізуем усе, што там выкладзена», – заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Пакуль следчая група ў складзе Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі, Нідэрландаў і Украіны збірае доказы здзейсненага злачынства і не выключае, што можа перадаць справу ў міжнародны суд дзеля вынясення прысуду.

Юлія Лабанава, «Белсат»