Што атрымае Беларусь ад супрацы з ЗША?


Дзеля развіцця беларуска-амерыканскіх дачыненняў афіцыйны Менск будзе рабіць усё – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША.

Рашэнне вярнуць амбасадара Злучаных Штатаў у Менск Дэйвід Гэйл, намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША, назваў гістарычным:

«Мы жадаем працягваць працу з беларускімі партнёрамі, спадзяемся ўбачыць больш прагрэсу, між іншага – у галіне правоў чалавека, дэмакратыі, палітычнай адкрытасці. Гэта дазволіць нам выкарыстаць поўны патэнцыял нашых дачыненняў».

Дэйвід Гэйл выехаў з Менску сёння, не пакінуўшы адказу на шэраг пытанняў. Тэрміну, калі ў Беларусь прыедзе новы амбасадар ЗША, Вашынгтон не называе. Няясным застаецца, наколькі далёка зойдзе адліга ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях ужо пасля вяртання амбасадара.

Перспектывамі намеснік дзяржаўнага сакратара падзяліўся з лідарамі апазіцыйных партыяў, незалежных прафсаюзаў ды праваабаронцамі, з якімі сустрэўся адразу пасля перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем.

«Вяртанне амбасадараў – гэта крок, які, магчыма, паскорыць скасаванне санкцыяў і будзе пазітыўна ўплываць на Беларусь, на беларуска-амерыканскія стасункі, што можа пацягнуць за сабой інвестыцыйныя праграмы», – мяркуе Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Калі Беларусь насамрэч жадае, каб сюды прыйшлі сур’ёзныя амерыканскія інвестыцыі, то краіна павінна цвёрда станавіцца на дарогу дэмакратызацыі», – дадае Аляксандр Ярашук, Кангрэс незалежных прафсаюзаў.

Наколькі цвёрды намер стаць на гэтую дарогу мае афіцыйны Менск, Вашынгтон ацэніць у лістападзе – пасля таго, як у нашай краіне пройдуць парламенцкія выбары.

«Менавіта вынік гэтых выбараў будзе адным з маркераў таго, ці адбываюцца паступовыя палітычныя змены, дэмакратычныя змены. Гэта будзе бачна па тым, ці ёсць у парламенце новага склікання апазіцыя», – кажа Андрэй Дзмітрыеў, Рух «Гавары праўду».

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў засядаюць толькі два незалежныя дэпутаты. Правесці празрыстыя выбары і пусціць у парламент больш апазіцыянераў Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца – лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч, Інстытут «Палітычная сфера»:

«Бонусы ад гэтага не настолькі вялікія, каб ісці на радыкальныя змены што датычыць унутрыпалітычнай сітуацыі – асабліва ва ўмовах, калі вядзецца гаворка пра магчымыя змены ў канстытуцыі, транзіт улады, пра ўсе гэтыя аспекты. У такой сітуацыі ўлады схільныя захоўваць тое, што яны называюць палітычнай стабільнасцю».

Захаваўшы гэтую стабільнасць, афіцыйны Менск адмовіцца ад значных прыбыткаў, якія могуць прынесці добрыя стасункі з Вашынгтонам, каментуе палітолаг:

«Калій і хімічная прадукцыя могуць быць запатрабаваныя на амерыканскім рынку. Гэта пытанне тэхналогіяў, Беларусь зацікаўленая ў тым, каб атрымліваць гэтыя тэхналогіі і супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі».

Супраца з ЗША можа запаволіцца не толькі праз нежаданне Лукашэнкі адпускаць уладу – папярэджвае Андрэй Казакевіч. Крэмль мае дастаткова эканамічных і палітычных інструментаў, каб не даць Менску далёка выйсці са сваёй сферы ўплыву.

Аляксандр Папко belsat.eu