Што адбываецца з наркотыкамі ў Беларусі зараз

Сацыяльная рэклама супраць наркотыкаў. Паводле Міністэрства аховы здароўя, пазалетась дыягназ «нарказалежнасць» ставілі амаль у тры разы радзей, чым, напрыклад, 10 гадоў таму. Але ці значыць гэта, што ў Беларусі паменела праблемаў з наркотыкамі? І ці адлюстроўвае статыстыка рэчаіснасць?

Юлія ўпершыню паспрабавала гераін, калі ёй было 16 гадоў. Пасля было доўгіх 15 гадоў спажывання.

«Пайсці да дактароў? Ты не пойдзеш. Бо калі ты скажаш, што я ўжываю наркотыкі, цябе адразу паставяць на ўлік ,і ўсё. Ні правоў кіроўцы, ні на працу не возьмуць… такое кляймо», — кажа жанчына.

Перастаць спажываць наркотыкі Юліі дапамагло добрае стаўленне да яе людзей, якіх яна сустрэла ў грамадскай арганізацыі «Пазітыўны рух».

«Спрацавалі людзі, якія не сказалі мне: «ай-яй-яй, Юля, кепска ўжываць. Яны мяне прынялі. Прыйшла Юля, у якой ёсць залежнасць і гэта не тое каб норма, але не трэба гэта асуджаць», — дзеліцца яна.

Найбольш распаўсюджаныя віды лекавання ад наркатычнай залежнасці ў Беларусі – рэабілітацыйныя цэнтры, дзяржаўныя і прыватныя, якія прадугледжваюць поўнае адмаўленне ад наркотыкаў. З пытаннем “Як змагацца з наркатычнай залежнасцю?” звяртаемся і да жыхароў Менску.

«Ізаляцыя, па-першае, ад звыклага ладу жыцця, кантактаў».
«Звярнуцца да спецыялістаў, які займаецца гэтым лекаваннем, які прызначыць пісьмовае лекаванне».
«Каб не кантактаваў, не атрымліваў і працаваў».
«Рэабілітацыя людзей у клініках, плюс падтрымка блізкіх і родных».

Паводле даследавання праекту “DrugStat”, цяпер у Беларусі найбольшым попытам карыстаюцца такія рэчывы, як мефедрон і альфа-пвп.

«Увогуле такія рэчывы як мефедрон і альфа-пвп адносяцца да сінтэтычных наркатычных рэчываў, яны робяцца ў хімічных лабараторыях у вялікай колькасці, і іх папулярнасць звязаная з лёгкай дасяжнасцю», — распавядае нарколаг Станіслаў Кукушкін.

Вячаслаў Самарын, які працуе з нарказалежнымі, кажа, што людзі будуць спажываць тое, што даступна ў дадзены момант. Таму сацыяльныя службы мусяць падладжвацца пад зменлівыя ўмовы:«Тых людзей, якія ўжываюць псіхастымулятары, мы болей накіроўвалі за дапамогай псіхіятрычнай і наркалагічнай. Бо ад гэтых рэчываў няма перадазавання, але ёсць вялікія страты для псіхікі», — зазначае ён.

Адмыслоўцы адзначаюць, што ўжыванне наркатычных рэчываў нярэдка прыводзіць да залежнасці.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»

Глядзі таксама