Што адбываецца ў Баранавічах?


Яшчэ ў канцы красавіка заехаць у Баранавічы можна было толькі затрымаўшыся на посце ДАІ з медыкамі, якія правяралі, ці не хворы ты на вірусную інфекцыю. Сёння ўезд у горад вольны. Але ці значыць гэта, што эпідэміялагічная сітуацыя палепшылася?

Тыдзень таму старэйшая дачка Анастасіі Дзмітрыевай трапіла ў шпіталь і апынулася ў палаце з дзяўчынкай з каронавірусам.

«У той жа вечар яе завозяць разам з гэтай дзяўчынкай у дарослую інфекцыйную і падсяляюць у палату да жанчыны нейкай. Раніцай я размаўляю з гэтай жанчынай і кажу: Вы з чым ляжыце? – З пнеўманіяй ляжу. – А аналіз на каронавірус? – Яшчэ невядома. – А з кім ляжалі да Юлі? – З дзвюма медсёстрамі, у якіх быў ковід», – расказвае Анастасія.

Увесь час пасля выпіскі ў дзяўчынкі трымаецца тэмпература, але тэст на каронавірус адмоўны. У гэты панядзелак у больніцу з пнеўманіяй трапіла і сярэдняя дачка Анастасіі.

«У мяне ўнутры ўжо толькі адчай. Нават, напэўна, нейкая і нянавісць да медперсаналу. Да іх няўважлівасці, да іх непадрыхтаванасці», – дзеліцца жанчына.

Галоўны доктар больніцы Аляксандр Ткачоў у сітуацыі Анастасіі не ўбачыў нічога незвычайнага.

«Я асабіста перахварэў на ковід-пнеўманію, быў на лістку непрацаздольнасці 7 дзён, заставаўся ўдома. З пятніцы я працую. У мяне яшчэ захоўваецца кашаль, але адмоўны мазок, і я працую. І змены ў лёгкіх у мяне… Я нават не рабіў КТ. Ні першае, ні кантрольнае», – суцяшае доктар.

Пацыентаў з пнеўманіямі ды каронавірусам у Баранавічах шпіталізуюць ужо ў будынак радзільні. А цяпер масава пачалі выпісваць і пацыентаў неўралогіі.

«Цяпер выпісваюць, таму што дактароў не хапае. Расфармоўваюць аддзяленне неўралогіі і адпраўляюць лячыцца ў паліклініку. З гэтым каронавірусам усё звязана, усё зразумела, але хацелася б, калі паклаўся ўжо ў больніцу, то далячыцца. Лекары, вядома, нармальныя тут, малайцы, але яны нічога не могуць з гэтым зрабіць, гэта загад зверху», – расказвае пацыент больніцы Васіль Барысаў.

Пацыенты з пацверджанай пнеўманіяй перасоўваюцца па горадзе свабодна.

«Двухбаковую пнеўманію падхапіў. – У вас пацверджаная пнеўманія? – Так, так. – І вас не шпіталізуюць у больніцу? – Во, цяпер іду. Усе паперы нясу», – расказвае пацыент Генадзь.

Як арганізаваная праца з хворымі на пнеўманію, мы запыталі ў галоўнага доктара, але афіцыйнага каментара не атрымалі. «Мы ведаем усё, мы са сваёй панікай разбярэмся самі, без вашай дапамогі», – кажа доктар.

Машыны хуткай дапамогі да больніцы падʼязджаюць з перыядычнасцю раз на 10–15 хвілінаў, перасоўваюцца медыкі і на асабістым транспарце. Жыхары Баранавічаў расказваюць пра сітуацыю ў горадзе:

«Шмат хворых, шмат тых, хто лечыцца дома. Вось, напрыклад, мая родная сястра».

«Ці есць сярод знаёмых заражаныя? – Так! – Прыблізна колькі? – З 10-ці, скажам так, 8-9».

«У Баранавічах усё добра. Вы бачыце вірус? І я не бачу».

Паводле кіраўніка аблздраву Віктара Міхайлаўскага, самая напружаная сітуацыя ў Берасцейскай вобласці ў чатырох раёнах, у тым ліку ў Баранавіцкім.

Алена Дубовік, «Белсат»

Фота: Таня Капітонава