Шостая гадавіна расстрэлаў на Майдане


Шэсць гадоў мінула пасля крывавай развязкі Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве. Украіна адзначае Дзень Герояў Нябеснай сотні – у гэтыя дні на Майдане загінула найбольшая колькасць пратэстоўцаў, больш за сотню асобаў. А праз два дні дэпутаты Вярхоўнай рады прыбралі Віктара Януковіча з пасады прэзідэнта Украіны.

«Мы сабраліся, каб памянуць нашых герояў Нябеснай сотні, якія аддалі жыцці за нашую з вамі свабоду. Слава Украіне!» – паўтараюць адно за адным выступоўцы.

З самай раніцы на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве людна. Тут збіраюцца ўдзельнікі Рэвалюцыі годнасці і сваякі загінулых, кветкі ды знічы прынеслі былы і цяперашні прэзідэнты Украіны. Зрэшты, гэтая частка вуліцы ўжо і называецца інакш – Алея Герояў Нябеснай сотні.

Святлана Кірылаш, жонка забітага «цітушкамі» каля Майдану журналіста Вячаслава Ерамія, кажа:

«На першы план выходзіць мноства іншых пытанняў. На жаль, жыццё не стаіць на месцы. У нас пастаянныя страты ў вайне з Расеяй на ўсходзе Украіны, іншыя сумныя падзеі ў жыцці краіны. Але я бачу, што ёсць людзі, якія памятаюць і будуць памятаць заўсёды».

Забыцца пра расстрэлы на Майдане не даюць і пытанні, што дагэтуль застаюцца без адказу: хто арганізаваў масавыя забойствы дэманстрантаў і ці панясуць забойцы пакаранне. Цяпер у суд накіравана 86 абвінаваўчых актаў, якія датычаць 174 чалавек. За шэсць гадоў суды ўхвалілі толькі 19 абвінаваўчых прысудаў і прызналі вінаватымі 20 асобаў. Няшмат – прызнаюць і ў офісе Генеральнага пракурора. Пацярпелыя выказваюцца яшчэ больш красамоўна.

«Я справядлівасці ніколі не пачую, ніколі, – упэўнены Аляксандр Цімашэнка, пацярпелы Майдану і кіраўнік грамадскай арганізацыі «Няскораны Майдан – 18.02». – Страсенне галаўнога мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Кажуць, гэта гумавая куля, але «гумка» такога не зрабіла б, там прыстойна дало ў галаву. А слых я ад гранаты страціў».

Сёння большасць справаў Майдану разам са следчымі з Генеральнай пракуратуры пераносяць у адмыслова створаны аддзел у Дзяржаўным бюро расследаванняў. Следчы Аляксандр Чарнаблаўскі кажа, што ніколі яшчэ справы Майдану не разглядалі гэтак інтэнсіўна:

«Новае кіраўніцтва – Бурак, Венядыктава – асабіста паабяцалі прэзідэнту падключыць усе сілы, каб грамадства пачула адказы на ўсе пытанні ў справе Майдану. Таму для нас гэта прыярытэт, мы працуем кругласуткава, кіраўніцтва вывучае звесткі крымінальнай вытворчасці, падключаюцца найлепшыя, наймацнейшыя следчыя, мы будуем новую тактыку і метадалогію дасудовага расследавання».

У новую тактыку, як паабяцалі ў Дзяржаўным бюро расследаванняў, увойдзе і камунікацыя з пацярпелымі, якія змогуць звяртацца непасрэдна да следчых, што вядуць іхныя справы. Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Сям’я герояў «Нябеснай сотні» Юрый Аксенін бачыць ва ўладаў жаданне раскрыць зляжалыя справы:

«На першы покліч нашай грамадскай арганізацыі прыходзяць і працаўнікі бюро расследаванняў, і офісу Генеральнага пракурора, не хаваюцца там за клеткай, у сваіх кабінетах. Прыходзяць, вядуць дыялог. Гэта ўжо вялікі зрух і палітычная воля».

Пры гэтым, як сцвярджаюць і следчыя, і пацярпелыя, часу на раскрыццё праўды застаецца ўсё менш. Бо з гадамі знікаюць доказы, разбягаюцца падазраваныя, гэтак і не дачакаўшыся праўды, адыходзяць і шмат якія ўдзельнікі крывавых падзеяў.

Адэля Дубавец, «Белсат»