Шэсць законаў за тры гады. Чым займаліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў?


Распачалася апошняя сесія Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Дэпутаты плануюць разгледзець 66 законапраектаў. Хто прапанаваў іх да разгляду? І галоўнае пытанне: ці можна назваць трохгадовую працу парламенту эфектыўнай?

Ад трох папярэдніх скліканняў склад сённяшняй Палаты прадстаўнікоў адрозніваецца тым, што ў ёй засядаюць дзве незалежныя дэпутаткі. Якіх зменаў ім удалося дамагчыся?

Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Незалежныя медыі атрымалі большы доступ да кантактаў з дэпутатамі. І ўжо шмат хто з дэпутатаў не баіцца даць інтэрв’ю «Свабодзе», не баіцца паразмаўляць з журналістамі «Нашай Нівы».

Аднак ці стала Палата працаўнікоў самастойным органам улады? За 3 гады дэпутаты прынялі 298 законаў. З іх 267 (90 адсоткаў) склаў і выслаў на разгляд парламентароў урад. Кіраўнік дзяржавы зыніцыяваў 24 законапраекты. І толькі 6 законаў – усяго 2 адсоткі! – былі прынятыя з ініцыятывы саміх дэпутатаў. У Палаце папярэдняга склікання такіх законаў было тры.

Хто прапаноўвае законы, якія прымаюць дэпутаты?

Урад – 90 %

Кіраўнік дзяржавы – 8 %

Самі дэпутаты – 2 %

Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«У нас мала дэпутатаў, якія ідуць ад нейкіх партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, якія прыходзяць з гатовымі праектамі законаў і адразу пачынаюць працэс іх прасоўвання».

З уласнай ініцыятывы дэпутаты прасунулі змены ў закон «Аб раслінным свеце», папраўкі ў Лясны кодэкс і папраўкі ў закон «Аб ахоўных прыродных тэрыторыях». А найбольш гучныя праекты яны прынялі з падачы Савету Міністраў.

«Яны ўхвалілі нядаўні закон аб адтэрміноўках гэтак званы. Яны ўхвалілі драконаўскія папраўкі ў заканадаўства аб медыях. Карацей, паслухмяна падымалі рукі, закручваючы гайкі разам з выканаўчаю ўладай», – кажа Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік.

Мы запыталі ў жыхароў Менску, якія законы, прынятыя цяперашняю Палатай прадстаўнікоў, ім запомніліся?

«Шчыра кажучы, не асабліва ведаю, што яны там робяць. Ну, занятыя людзі нібыта чымсьці!»

«Пра здароўе больш думаць сталі. Пра жыццё. А дэпутаты няхай самі пра сябе думаюць!»

«Не асабліва гэтаю тэмай цікаўлюся, бо яны не асабліва на штосьці ўплываюць. Іхная праца не асабліва заўважная ў нашай дзяржаве».

У жніўні Аляксандр Лукашэнка прызначыў парламенцкія выбары на 17 лістапада, скараціўшы тэрмін дзеяння цяперашняй палаты амаль на год. Ці паўторыць ён «ліберальны эксперымент» і ці дапусціць некалькі незалежных дэпутатаў у новую Палату?

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Ідзе гульня з Захадам. Нядаўна важныя амерыканцы прыляталі, яны намякалі, што па выніках гэтай выбарчай кампаніі павінен быць нейкі прагрэс. Мінімум адчэпнага, які могуць даць улады, – гэта зноў адшкадаваць пару мандатаў».

Аднак наперадзе – цяжкія перамовы і магчымае зацверджанне непрыемных дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі з Расеяй, нагадвае эксперт. Таму ад дэпутатаў, якія задаюць зашмат пытанняў, Аляксандр Лукашэнка можа і адмовіцца.

Аляксандр Папко belsat.eu