Шэнген падаражэў, але гэта не назаўсёды


Беларусам да Еўразвязу – рукою падаць: напрыклад, з Берасця да Польшчы – хвілінаў 30 дарогі. Але каб трапіць у Еўразвяз, мусіць быць віза. З сённяшняга дня дазвольны дакумент для грамадзянаў Беларусі падаражэў на 20 €. Менчукі не ў захапленні ад гэтага:

«80 € – гэта досыць дорага насамрэч».

«Гэта кепская навіна не толькі для мяне (я часта бываю за мяжою), але, думаю, што і для ўсіх беларусаў».

«80 еўраў, каб праехаць 500 км да пляжу, – гэта, канечне, дарагавата».

«Няма грошай, няма за што ездзіць, заробкі ўпалі».

«Я не думаю, што я адмоўлюся ад сваіх планаў».

«Канечне, даражэе пытанне, і мы зараз адкладаем паездкі, нікуды не едзем».

Хоць Беларусь і Еўразвяз на пачатку года і падпісалі Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, але раней за чэрвень яно не пачне дзеяць. А тым часам моц набылІ новыя правілы Еўразвязу аб выдачы візаў, паводле якіх консульскі збор падняўся да 80 €. Эксперты адзначаюць, што бакі не надта рупіліся, каб раней падпісаць Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму.

«Беларускія ўлады не вельмі зацікаўленыя былі ў тым, каб беларусы маглі часцей і прасцей ездзіць у Еўропу, таму яны асабліва не стараліся і не ішлі на тое, каб выканаць тыя ўмовы, якія выстаўляў Еўрапейскі Звяз», адзначае палітолаг, Валер Карбалевіч.

На шчасце, павелічэнне збору да 80 € еўраў – з’ява часовая. Як толькі падпісанае пагадненне набудзе моц, візавы збор патаннее да 35 €, на што беларусы ўскладаюць свае спадзевы:

«Хочацца 35 €, каб здзейснілася мара беларусаў».

«Тут урад не асабліва добры. Там глядзяць, што тут усё кепска, і таксама не асабліва хочуць ісці на саступкі».

«Чаму я плачу 80 €, а іншыя людзі – 35? Напрыклад, іншыя дзяржавы. Чым мы горшыя за іншых? Я не разумею!»

І сапраўды, нашыя суседзі не маюць такіх выдаткаў: шэнгенскія візы для расейцаў – 35 €, а ўкраінцы ўвогуле могуць перамяшчацца па шэнгенскай зоне без візаў! Чаму беларусам Еўразвяз не прапаноўвае такіх жа ўмоваў, як нашым паўднёвым суседзям?

«Еўрапейскі Звяз прымае рашэнне адмены візавага рэжыму толькі адносна тых краін, якія цвёрда вырашылі інтэгравацца ў еўрапейскую супольнасць: Украіна, Малдова, Грузія падпісалі адпаведныя дамовы з Еўрапейскім Звязам», – кажа Валер Карбалевіч.

Інтэграцыя – актуальнае пытанне і для Беларусі. Але не з Еўразвязам. А гэта можа азначаць, што большых магчымасцяў, чым віза за 35 €, нам заходнія суседзі пакуль не прапануюць.

Вольга Старасціна «Белсат»