Шаленства вакол фільма «Матыльда» дакацілася да Беларусі


Здзек з нашае гісторыі. Гэтак Мітрапаліт Павел пракаментаваў расейскі фільм «Матыльда». Патрыяршы экзарх усяе Беларусі заклікаў праваслаўных вернікаў не глядзець карціны.

«Мне не зразумелая задума фільму «Матыльда»….Ён падзяліў нашае грамадства, пасеяў смуту ў сэрцах шмат каго, выклікаў абурэнне ў тых, для каго імператар Мікалай II – святы пакутнік», – заявіў кіраўнік беларускае праваслаўнае царквы.

Таксама мітрапаліт Павел выразіў шкадаванне ў сувязі з тым, што паказ стужкі выпадае на 100-ыя ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі. А яшчэ месяц таму ў інтэрвʼю каналу «Эхо-ТВ» экзарх шакаваў усіх выразам «Сёння мы зняважым Імператара Мікалая ІІ, а заўтра зняважаць Уладзіміра Ільіча Леніна. Усё дзяржаўнае сёння спрабуюць абсмяяць».

У Расеі скандал вакол фільму перарос у гвалт

У гарадах праходзяць хросныя хады, а да кінатэатраў прыходзяць пагрозы. На мінулым тыдні ў Маскве невядомыя спалілі машыны ля офісу адваката рэжысёра Аляксея Учыцеля, а яшчэ раней у Екацярынбургу праваслаўны актывіст на мікрааўтобусе, поўным газавых балонаў, паспрабаваў пратараніць уваход у кінатэатр. У выніку дзве галоўныя расейскія сеткі кінапракату адмовіліся ад паказу «Матыльды».

Галоўную ролю ў супраціве фільму адыгрывае дэпутатка Дзяржаўнае думы Наталля Паклонская. Палітык і раней вызначалася любоўю і пашанаю да расейскага імператара.

Спадарыня Паклонская вядомая не толькі такімі бяскрыўднымі прамовамі

Менавіта яна была пракурорскаю Крыму падчас яго анексіі ды была гарачаю прыхільніцаю рэпрэсіяў супраць крымскіх татараў.

Калі казаць пра фільм Аляксея Учыцеля, то гэтая тэма абсалютна чужая Беларусі, перакананы культуразнаўца Сяргей Філімонаў, а таму і залішняе абмеркаванне – марнае.

«Тэматыка гэтага скандальнага фільму не больш, але ж і не менш цікавая, чым жарсці якіх-небудзь афрыканскіх бегемотаў», – упэўнены Філімонаў.

Так ці інакш, Мітрапаліт Павел таксама падкрэсліў, што РПЦ не можа забараніць пракату «Матыльды», а агрэсіі з боку вернікаў быць не мусіць. Прэмʼеру карціны ў беларускіх кінатэатрах запланавалі на 26-га кастрычніка.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum