Саміт «Усходняга партнёрства»: ці збіраецца Еўразвяз прапанаваць афіцыйнаму Менску чарговы пернік?


Як толькі ні акрэслівалі геапалітычную пазіцыю нашай краіны. І мост паміж Усходам ды Захадам, і новая перамоўная пляцоўка – гэткія «Хельсінкі-2», і акоп, у якім мы сядзім з тымі, хто ў гэты момант крэдытуе нашую дзяржаву.

Паўтара тыдня застаецца да саміту «Усходняга партнёрства» ў Бруселі, у якім удзел бярэ і Беларусь. Між тым з кім і супраць каго мы насамрэч – пытанне застаецца ўсцяж адкрытае.

«У нас адзіная Айчына. Мы не дзелім Расею і Беларусь па межах. Мы намагаемся збудаваць нешта агульнае…», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Рыторыка, адшліфаваная гадамі. Чарговую порцыю дыферамбаў і клятваў у братэрстве, узгадаваным сядзеннем у адным акопе, Аляксандр Лукашэнка агучыў у Менску ў часе сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці РФ Антонам Аліханавым.

«Тое, што адбываецца ў вас на мяжы, адбываецца і ў нас. Мы тут сутыкаемся твар у твар, лоб у лоб з актывізацыяй Паўночнаатлантычнага альянсу – НАТО», – сказаў Лукашэнка.

«Як бы тут ні абмяркоўвалі гэтыя пытанні, ні рабілі нас празаходнімі і гэтак далей, мы з вамі цудоўна разумеем, што гэта толькі рыторыка. А канкрэтныя факты гавораць пра тое, што нам, у прынцыпе, няма на каго разлічваць».

Што праўда, вобраз акопу, аточанага заходнімі ворагамі, якраз на Захад асаблівага ўражання не робіць.

24 лістапада ў Бруселі ў часе саміту «Усходняга партнёрства» Еўразвяз збіраецца прапанаваць афіцыйнаму Менску чарговы пернік. Напярэдадні пра гэткія планы заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» амбасадар Францыі ў нашай краіне Дыд’е Канэс.

«Мы падтрымліваем паглыбленне адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам», – сказаў Дыдʼе Канэс.

«Што датычыць саміту ў Бруселі, чакаецца, што будзе прынятая праграма супрацы паміж Еўразвязам і Беларуссю. Я, канешне, пакуль што не магу раскрываць дэталяў, але магу запэўніць, што там будуць новыя элементы».

Што гэта за новыя элементы? І якіх зменаў можна спадзявацца на лініі Брусель – Менск найбліжэйшым часам?

«Хутчэй за ўсё, можна чакаць тое, беларускі рэжым пагадзіцца на некаторыя прапановы з боку Еўразвязу. Хутчэй за ўсё ён можа пагадзіцца на супрацу ў энергетычнай і экалагічнай сферы. Ні паляпшэння дзяржаўнага кіравання, ні эканамічныя пытанні не будуць прынятыя пакуль беларускім рэжымам», – кажа Уладзімір Мацкевіч.

Пры гэтым Беларусь на брусельскім саміце напрыканцы лістапада можа рэпрэзентоўваць і сам Лукашэнка, дагэтуль неўязны на Захад. 6 кастрычніка кіраўнік Беларусі ўпершыню атрымаў афіцыйнае запрашэнне ад Аб’яднанай Еўропы. А таму пытанне толькі ў тым, ці захоча Лукашэнка скарыстацца магчымасцю і вылезці са свайго акопу. Абкладзенага, дарэчы, граблямі, на якія Захад перыядычна наступае, заўважае метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

«Паляпшэнне і пагаршэнне стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю нагадвае арэлі ці гэткую сінусоіду: раз у некалькі гадоў змяняецца кірунак узаемадзеяння. То да санкцыяў даходзіць, то наадварот – зняццё санкцыяў, паляпшэнне і нават нейкая эйфарыя, якая пануе ў калідорах уладаў у некаторых еўрапейскіх сталіцах», – кажа Мацкевіч.

А таму і чакаць нейкай рэвалюцыі ў беларуска-еўрапейскіх адносінах наш эксперт не раіць. Прынамсі – простым суграмадзянам. А вось афіцыйны Менск ужо літаральна праз тыдзень чакае ў госці дэлегацыю французскіх бізнесоўцаў. Будуць вывучаць магчымасці рынку ў нашым акопе. Толькі бізнес, нічога асабістага.

belsat.eu

Фота Mikhail Metzel/TASS