Самагубства Васілеўскага – адказ на ціск уладаў

Раней мы паведамлялі і пра смерць кіраўніка аграпрамысловага холдынгу «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага. 31 сакавіка мужчыну знайшлі павешаным.

Родныя сцвярджаюць – Васілеўскі не вытрымаў ціску, які чыніўся на яго з вертыкалі. Сёння шклоўцы развітваліся са сваім земляком. Узгадвалі Васілеўскага толькі добрымі словамі, і не таму, што гэтага вымагае традыцыя.

Жах, шок і адчай

Жыхары вёскі Фашчаўка, што на Шклоўшчыне, дасюль не вераць, што Дзмітрый Васілеўскі звёў рахункі з жыццём.

«Усё, што вы бачыце – гэта яго заслуга.Чалавек добры быў, справядлівы».

«Добры кіраўнік быў – за людзей перажываў»,

– дзеляцца жыхары Фашчаўкі.

На магіле Васілеўскага – мноства вянкоў

У апошнім развітанні бралі ўдзел сотні людзей. З 2007 года Дзмітрый Васілеўскі кіраваў эксперыментальнаю базаю «Спартак», дзе дабіўся значных поспехаў – прадпрыемства атрымала граматы і сертыфікаты, сам пасадовец стаўся лаўрэатам прэміі «Чалавек года» ў намінацыі «Вытворчая дзейнасць».

У 2016-ым Васілеўскага прызначылі кіраўніком Дрыбінскага райвыканкаму, праз два гады яго перавялі кіраваць аграпрамысловым холдынгам «Купалаўскае».

«Асабліва моладзь за ім вельмі цягнулася. Ішоў, а за ім усе беглі. Усё рабілася, наш саўгас быў на першым месцы па ўсіх паказніках», – узгадвае работніца сталовай Часлава Марозава.

«Мне было вельмі лёгка працаваць, у тым плане, што ўсю дапамогу, па якую мы звярталіся ў гаспадарку, заўсёды нам аказвалася. Куплялі сюды і музычную апаратуру, і тэлевізары. Усю якую трэба было дапамогу нам заўсёды аказвалі», – дадае дырэктарка школы ў Фашчаўцы Галіна Мацюшэўская.

Родзічы Дзмітрыя Васілеўскага гаварыць на камеру адмовіліся

Патлумачылі гэта тым, што ўжо выказваліся ў медыях. У адзіным інтэрв’ю ўдава Васілеўскага распавядае пра ціск на мужа зверху.

«Усе ад яго нечага патрабавалі: старшыня райвыканкаму, начальнік камітэту сельскай гаспадаркі, губернатар, міністэрства. Казалі: да нас прыязджае ў траўні прэзідэнт, чаму ў цябе тут усё сыплецца і валіцца? А чаму валіцца? Там таго аграхолдынгу – стос папераў, тры абшарпаныя пустыя кабінеты ў сельсавеце і два чалавекі ў штаце», – распавяла парталу tut.by Наталля Васілеўская.

Прычына самагубства – у «нялюдскай сістэме вертыкалі»

Аграхолдынг «Купалаўскае», паводле Лукашэнкі, меўся зрабіцца прыкладам вядзення сельскай гаспадаркі. Тым часам прадпрыемства існавала толькі на паперы

Кіраўнік партыі БНФ, а ў мінулым старшыня Шклоўскага камунгасу Рыгор Кастусёў, які асабіста знаў памерлага, перакананы: прычына самагубства крыецца ў нялюдскай сістэме вертыкалі – патрабаванні неверагодных вынікаў – і як вынік – вымушаных прыпісак ды фальшаванняў.

«Гэта трагедыя ўсёй нашай краіны, усёй нашай сістэмы, якая існуе сёння ў Беларусі. Менавіта такім добрасумленным людзям, людзям, якія могуць і хочуць працаваць добрасумленна зараз няма месца ў гэтай сістэме. Ужываюцца і выжываюць тыя, хто можа красці, хто можа хлусіць, хто можа падтасоўваць факты», – упэўнены спадар Кастусёў.

У сувязі са смерцю пасадоўца Следчы камітэт распачаў правяранне

Дзмітрыя Васілеўскага знайшлі павешаным у лесе, адразу пасля свайго 45-га дня народзінаў. Апроч удавы, у памерлага засталіся сын і дачка – студэнты.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама