Самае цікавае з новай прэс-канферэнцыі Пуціна


Уладзімір Пуцін у 13-ты раз сустрэўся з журналістамі. На 65 пытанняў кіраўнік Крамля адказваў амаль 4 гадзіны.

Пра эканамічныя праблемы кіраўнік краіны расказваў неахвотна

Паводле яго словаў, інфляцыя і дэфіцыт бюджэту невялікія, эканоміка расце і ўмацоўваецца, а дзяржава гатова абвясціць падатковую амністыю напярэдадні выбараў.

«У нас ВУП вырасла на 75 % з 2000-га года, прамысловая вытворчасць на 60 %, прамысловая вытворчасць на 70 %, перапрацоўчая расла паскоранымі тэмпамі», – фанабэрыўся прэзідэнт Расеі.

Якія канкурэнты, калі такі поспех?

Заробкі і пенсіі, па словах Пуціна, з пачатку яго кіравання, выраслі ў 3,5 разы. А таму і канкурэнтаў на выбарах у кіраўніка Расеі, які пойдзе на іх самавылучэнцам, быць не можа.

«І вы хочаце, каб такія Саакашвілі дэстабілізавалі сітуацыю ў краіне, вы хочаце, каб мы перажывалі ад аднаго Майдана да іншага, каб у нас былі спробы дзяржаўных пераваротаў?», – спрабаваў напужаць расейскі лідар.

Гісторыі Украіны Пуцін прысвяціў доўгі маналог

Ён адзначыў, што расейцы і ўкраінцы – гэта адзін народ, а Украіна знаходзіцца непадалёк ад Башкірыі. І хоць Крэмль, мяркуючы па ўсім, працягне падаграваць канфлікт на Данбасе, важны сігнал наконт украінскіх палонных Пуціным быў дадзены.

«Тут напярэдадні выбараў у Расеі Пуціну важна прадэманстраваць сябе як голуба, а не ястраба. І палепшыць свой імідж на Захадзе. Ён можа пайсці на абмен, у тым ліку на абмен Сянцова», – мяркуе эксперт па вонкавай палітыцы РФ Павел Лузін.

Прэзідэнт спрабаваў паказаць блізкасць да народа

А запрошаныя супрацоўнікі медыяў актыўна пляскалі падчас маналогаў Пуціна пра Украіну і слабасці апазіцыі.

Спадзявацца ж на іншыя крыніцы інфармацыі пра тое, якія настроі ў Крамлі, у бліжэйшыя шэсць гадоў расейцам не прыходзіцца.

Маша Макарава, «Белсат», фота: kremlin.ru