«Самае галоўнае – не маўчаць»: за што ў Беларусі судзяць падчас выбараў

Палітычны пераслед і рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі працягваюцца. Сёння суды адбыліся адразу ў чатырох гарадах – Менску, Віцебску, Горадні ды Гомлі. Выракі пачулі палітык, журналісты і жыхарка Віцебску.

10 дзён у карцары без рэчаў! На знак пратэсту Павел Севярынец парэзаў сабе руку. Пра гэта сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявіў праз відэасувязь на чарговым судзе.

«Я вельмі перажываю, ці вытрымае яго здароўе. Ён духоўна сам моцны чалавек, але знаходзіцца без вады ў карцары – гэта два на тры метры памяшканне, без форткі, без нічога, бетоннае», – кажа жонка Паўла Севярынца Вольга Севярынец.

Суддзя Фрунзенскага суда Менску Андрэй Млечка зняволенаму Паўлу Севярынцу дадаў сёння чарговыя 15 содняў арышту. Гэтым разам – за пікеты ў Менску і Віцебску напрыканцы траўня. Агулам за кратамі палітык правядзе 90 дзён.

«Самае галоўнае – не маўчаць, гаварыць пра гэта. Расказваць журналістам, беларускім, замежным, звяртацца да пасольстваў, праваабарончых арганізацыяў, пісаць скаргі ў ААН, пісаць скаргі ў ЕСПЧ», – даводзіць грамадскі актывіст Зміцер Казакевіч.

Вырак за ўдзел у перадвыбарчых пікетах 31 траўня ў Віцебску прагучаў сёння і ў віцебскім судзе Кастрычніцкага раёну. Жыхарку гораду Людмілу Валадкевіч суддзя Уладзімір Царыкаў аштрафаваў на 540 рублёў. Сваёй віны Людміла не прызнала. І плануе абскарджваць рашэнне першага ў яе жыцці суда.

«Я для сябе зрабіла выснову, што трэба далей выходзіць, далей трэба ўсім уставаць са сваіх канапаў і рабіць нашае жыццё лепшым і ўсё мяняць. Нам трэба новы прэзідэнт», – гаворыць жыхарка Віцебску Людміла Валадкевіч.

«Калі чалавек прыходзіць на пікет, каб паставіць подпіс за кандыдатаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, а яго за гэта ўлада карае штрафам на 20 базавых велічынь, думаю, гэты чалавек, яго родныя, знаёмыя, сябры ніколі за гэтую ўладу галасаваць не будуць», – упэўнены праваабаронца Павел Левінаў.

Даносіць інфармацыю да людзей таксама правапарушэнне – пастанавіў Ленінскі суд Горадні. Журналіста «Белсату» Змітра Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва пакаралі штрафамі памерам 945 і 1080 рублёў адпаведна за стрым з пікету для збору подпісаў за Лукашэнку 10 чэрвеня. Тэхніку на рашэнне суддзі Руслана Гурына канфіскавалі.

«Мы сёння пабачылі яскравы прыклад таго, як працуе беларускі суд. Ты можаш прыводзіць якія заўгодна довады, доказы, нават апеляваць да здаровага сэнсу, але гэта проста не працуе», – распавядае журналіст тэлеканалу «Белсат» Зміцер Міцкевіч.

945 рублёў штрафу атрымаў сёння ад суддзі Віктара Казачка і журналіст Яўген Меркіс, які вёў стрым з калектыўнага пікету вылучэнцаў у кандыдаты 7 чэрвеня ў Гомлі. Справу разглядалі ў Гомельскім судзе Цэнтральнага раёну.

«Гэта не спыніць працу як незалежных журналістаў, так і незалежных СМІ. Паколькі ў наш час любы чалавек можа паказваць тое, што адбываецца ў нашай краіне. І, канешне, журналісты «Белсату», як і іншых СМІ, працягнуць сваю сумленную працу, паколькі ніякага парушэння заканадаўства ў нашых дзеяннях няма», – кажа журналіст-фрылансер Яўген Меркіс.

Паводле праваабаронцаў, вынік палітычнага пераследу ў Беларусі за паўтара месяца выбараў – больш за 1300 содняў арышту і сотня непадʼёмных штрафаў. Новыя суды адбудуцца ўжо заўтра.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама