Сакрэты вайсковай супрацы Беларусі і Кітаю

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Кітаю падзякаваў яму за эканамічнае падтрыманне і вайскова-тэхнічную супрацу. Ўэй Фэн Хэ ў адказ заявіў, што Беларусь і Кітай сталі «жалезнымі братамі».

Кіраўнік кітайскага Міністэрства абароны прыбыў у Беларусь ажно на тры дні – і такая працягласць візіту паказвае вялікае значэнне нашай краіны для Кітаю.

Першым Ўэя Фэн Хэ прымаў сам Аляксандр Лукашэнка

Бакі вырашалі сур’ёзныя пытанні ў вайсковай сферы.

«У наш час вы сыгралі вырашальную ролю ва ўзмацненні абароназдольнасці Беларусі. Вы дапамаглі нам стварыць самыя сучасныя касмічныя падраздзяленні і адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне для беларускай арміі», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Ракетная праграма – пэўна, галоўны кірунак беларуска-кітайскай супрацы. Рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланез» і спадарожнік «Белінтэрсат» – яе самыя вядомыя вынікі. У сваю чаргу, Ўэй Фэн Хэ, разам з міністэрскай пасадай займае і пост кіраўніка ракетных войскаў Народна-вызваленчай арміі Кітаю. З кім, як не з ім абмяркоўваць далейшыя перспектывы супрацы ў галіне ракетных тэхналогіяў?

Беларусь збіраецца развіваць сваю ракетную праграму

Атрымаўшы ракеты з дальнасцю да 300 кіламетраў, наступным этапам будзе стварэнне боепрыпасу з дальнасцю да 500 кіламетраў. Яшчэ будзе супраца ў галіне беспілотнай авіяцыі абавязкова. Таму што ў кітайцаў вялікія дасягненні.

Кітайцы памятаюць тую дапамогу, якую ў свой час ім аказала нашая краіна ў тэхналагічным плане на пачатку дзевяностых гадоў. Ды і цяпер яны карыстаюцца багатым беларускім досведам як у сферы буйнога машынабудавання, гэтак і ў больш складаных галінах.

«Перш за ўсё тэхналогіі оптыкі, лазернай тэхнікі, ваеннай электронікі, праграмнага забеспячэння, аптычнага зандавання зямлі, то бок дастаткова важныя тэхналогіі. Гэта не гатовыя ўзбраенні, а тэхналогіі, важныя для стварэння сучасных узбраенняў. І тое, што Лукашэнка тады пайшоў на сустрэчу Кітаю і падзяліўся гэтымі тэхналогіямі, я думаю, што Кітай гэта ацаніў», – упэўнены вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Не варта чакаць ад кітайцаў падарункаў за супрацу ў мінулым, а таксама за паказальную дэманстрацыю прыхільнасці ды лаяльную рыторыку.

«Кітай зусім не настроены на супрацьстаянне з Захадам. Калі ён падтрымлівае нейкія краіны, якія апынуліся пад санкцыямі, то ён не дэманструе сваю антызаходнюю пазіцыю…Так што чакаць, што Кітай будзе пляскаць у ладкі за антызаходнюю рыторыку, не выпадае. Яму патрэбна нешта іншае – стабільнасць, выкананне дамоўленасцяў», – дадае спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

У межах візіту кітайскі міністр наведае шэраг вайсковых аб’ектаў

Ўэй Фэн Хэ абмяркуе з беларускімі калегамі магчымасці супольнай вайсковай падрыхтоўкі. Выглядае, што вайскова-тэхнічная супраца паміж Беларуссю і Кітаем актывізуецца. Асабліва на фоне праблемаў у беларуска-расейскіх дачыненнях.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама