Руйнуецца памяць. У Масюкоўшчыне развальваюцца будынкі буйнога канцлагеру

Шталяг 352 – найбуйнейшы нацысцкі канцлагер у акупаванай Беларусі. Больш за 80 тысячаў загінулых ад хваробаў, голаду і катаванняў, расстраляных… Імёны шмат каго невядомыя да сёння, і ўсё, што засталося як памяць пра іх, – 6 будынкаў, дзе вязні выжывалі, працавалі ды паміралі.

На фотаздымках, якія захаваліся з часоў лагеру, відаць, што гэтая брукаванка ўкладалася рукамі палонных. І менавіта па гэтай дарозе прайшлі больш за сто тысячаў вязняў. Але брукаванку заклалі асфальтам, а будынкі руйнуюцца. Віктару Паўлаву 89 гадоў, ён сведка некаторых падзеяў, якія адбываліся ў Шталягу 352.

«Вось прыкладна ў гэтым месцы нешта цёмнае, тут 8 ямінаў выкапана было. Мы кароў пасвілі, яны былі пустыя. А потым, недзе чысла 6 ці 7 – некалькі дзён – ганялі і расстрэльвалі», – кажа Віктар.

Памяць пра гэта важна захаваць у тым ліку праз ратаванне будынкаў канцлагеру, кажа спадар Віктар. Але зрабіць гэта не так проста з прычыны стаўлення ўладаў да культурніцкай памяці.

«Тое месца, дзе расстрэльвалі людзей… у 41 годзе… Пасадзілі там дамы».

І гэта не адзіныя страты, якія панёс комплекс канцлагеру. Мінулай восенню адзін з будынкаў зруйнавалі, а на бэльках знайшлі сотні надпісаў – імёны і даты нараджэння вязняў. Гэтае руйнаванне выклікала абурэнне ў неабыякавых актывістаў.

«Мы не ведалі, ці ўваходзіць у план знесці гэтыя казармы. Тут адбываўся пажар, тут вельмі часта вандаламі выбіваюцца вокны, сама тэрыторыя вельмі занядбаная», – распавядае мясцовы жыхар і грамадскі актывіст Арцем Бабоўнікаў.

Каб захаваць гістарычную спадчыну, актывісты прапаноўваюць стварыць у Масюкоўшчыне мемарыяльны парк. Дзеля гэтага ў інтэрнэце пачалі збор подпісаў пад адмысловаю петыцыяй. Вядзецца і рэгулярная перапіска з чыноўнікамі.

«У Масюкоўшчыне мы маем адзіны захаваныя канцлагерны комплекс, яму аналагаў на гэты момант няма і мы проста згубім гістарычны аб’ект, мы згубім магчымасць запрашаць сюды людзей, турыстаў», – кажа Арцём Бабоўнікаў.

На горадабудаўнічым праекце раёну адзін з будынкаў канцлагеру пазначаны як Музей канцлагеру. А ў апошнім адказе актывістам з Менгарвыканкаму паведамляецца, што будынкі падпадаюць пад рэканструкцыю, а ў лазарэце плануецца размяшчэнне экспазіцыі. За музей і экспазіцыю адказвае Музей Вялікай айчыннай вайны. Але там нашаму званку былі здзіўленыя. Уладзімір Варапаеў, дырэктар музею ВАВ, патлумачыў:

«Менавіта аб будынках, на жаль, мы нічога не ведаем. Нічога не ведаем».

Атрымаць каментар у адміністрацыі Фрунзенскага раёну не ўдалося. Адмыслоўцы ж перш за ўсё рэкамендуюць рабіць спробы ўнесці будынкі канцлагеру ў спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў. Праўда, прызнаюць, што гэта не так проста.

«Як паказвае практыка, улады не заўжды хочуць унесці дадатковы абʼект, які пасля трэба ўтрымліваць. Разам з тым, усе залежыць ад грамадскай актыўнасці», – кажа гісторык Павел Каралеў.

Актывісты плануюць і далей адстойваць комплекс у Масюкоўшчыне, а «Белсат» працягне сачыць за развіццём гісторыі.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама