РПЦ адкрыла курсы беларускай мовы ў Маскве


Алег Жданаў, выкладчык на курсах беларускай мовы пры прадстаўніцтве Беларускага экзархату РПЦ у Маскве. Фота – «Белсат»

Мы паразмаўлялі з выкладчыкам пра метады навучання ды запыталіся ў масквічоў пра жаданне яе вучыць.

У Маскве пры прадстаўніцтве Беларускага экзархату РПЦ адкрыліся курсы беларускай мовы. Арганізатары кажуць, што будуць даводзіць на іх фундаментальныя веды, улічваючы царкоўную спецыфіку.

«Напрыклад, знаёміць з перакладамі Святога пісання», – кажа выкладчык на курсах Алег Жданаў.

На мінулым тыдні на арганізацыйныя заняткі прыйшлі тры асобы. Сёння ж ахвотнікаў навучыцца размаўляць па-беларуску не знайшлося.

Рэпартаж з Масквы глядзіце ў поўным выданні навінаў за 22 верасня

Алег Жданаў, былы вайсковец, а цяпер выкладчык на курсах беларускай мовы, сказаць хоць пару словаў па-беларуску адмовіўся.

«Што датычыць мяне, я сябе больш адношу да тэарэтыкаў», – кажа Жданаў.

Набор на курсы працягваецца. Пашукалі і мы на маскоўскіх вуліцах тых, хто хацеў бы вывучаць беларускую мову.

«Калі ў нас будзе адзіная дзяржава, будзеце вучыць беларускую?» – «Не, канечне. Хай рускую вучаць. І наагул я супраць».

«Не. Толькі рускую».

«Не. Я рускую ведаю, ангельскую». – «А беларускай не хочаце?» – «Не».

«Беларуская мова будзе жыць. Канечне! Мне падаецца, абавязкова».

«Я б вывучыла, бо я цікаўлюся мовамі, і хацела б ведаць як мага больш моваў».

Для тых масквічоў, хто ўсё ж хоча засвоіць беларускую мову з царкоўным ухілам, дзверы ў праваслаўнай царкве вялікапакутніцы Ірыны, што месціцца на вуліцы Энгельса, будуць адчыненыя кожную нядзелю.

Віталь Бабін, «Белсат»