Рэпрэсіі супраць «Белсату» – за народныя грошы


Даеш слова пакрыўджаным ці рэалізуеш канстытуцыйнае права на свабоду слова, збор і распаўсюд інфармацыі?

Рыхтуйся заплаціць

Штраф тысяча рублёў. Гэтак за сюжэт, што выйшаў на нашым тэлеканале ў лістападзе, суддзя Фрунзенскага суда сталіцы Ганна Буйноўская пакарала журналістку Любоў Лунёву. Сведкам выступіў намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры ды будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёну Павел Тумас.

«Гэты чалавек нібыта падаў на мяне заяву ў міліцыю, дзе ён указаў, што я, грамадзянка такая-та, была 20-га лістапада на грамадскіх слуханнях, брала ў людзей інтэрв’ю, не маючы на гэта акрэдытацыі. Самае цікавае, што ў судзе ён не мог мяне ўвогуле апазнаць», – сведчыць спадарыня Лунёва.

Для Лунёвай гэта ўжо трэцяя справа цягам паўтара месяца.

Трэба разумець, што яе ды іншых белсатаўцаў караюць за грошы падаткаплатнікаў. Суддзі, якія выносяць абвінаваўчыя прысуды, міліцыянты і чыноўнікі, якія сведчаць супраць журналістаў, – гэта бюджэтнікі, якія атрымліваюць заробкі з кішэняў грамадзянаў.

Суд за праўду аб шкодным заводзе

Напярэдадні ў вёсцы Якімава Слабада распачаліся грамадскія слуханні ў справе заводу беленай цэлюлозы, які мясцовыя празвалі «смярдзючым».

Адразу пасля трансляцыі ў Фэйсбуку журналістка Ларыса Шчыракова атрымала пратакол.

«Гэта лішні раз пацвярджае сутнасць гэтай улады. Міліцыянты ў іншай краіне за тое, што два месяцы вядзецца хімічная атака на Светлагорск і раён, складалі б пратаколы на дырэктара заводу беленай цэлюлозы, на іншых адказных людзей», – абураецца Ларыса.

Ціск фізічны, псіхалагічны і, вядома, фінансавы

Летась пераслед журналістаў «Белсату» быў беспрэцэдэнтны – толькі судовых працэсаў адбылося больш за 60. Выглядае, што і ў новым годзе доўгачаканай лібералізацыі не прадбачыцца.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum