Рэпрэсаваныя актывісты заявілі пра катаванні ў турмах


З Акрэсціна выйшлі чарговыя ўдзельнікі пратэстаў

Сустрэчы вызваленых ператварыліся ў акцыі салідарнасці. Былыя арыштанты засведчылі пра новыя падрабязнасці здзекаў і катаванняў у міліцэйскіх пастарунках і сценах ізалятару.

«Спачатку нас зусім не кармілі, другі дзень зносна, пасля толькі каша, а потым наагул не кармілі», – сведчыць пакараны за пратэсты Пётр Рабушка.

«Увечары чалавек у суседняй камеры пачаў жахліва крычэць. Ахоўнікі сказалі, што трэба было раніцою казаць аб сваіх праблемах, а цяпер хоць падыхай», – распавёў іншы рэпрэсаваны Дзмітрый Кавалгін.

Былыя зняволеныя абяцаюць знайсці міліцыянтаў, якія збівалі людзей

Мэта – прыцягнуць гэтак званых праваахоўнікаў да адказнасці.

«Ёсць вельмі жорсткі прапаршчык Валодзя ў Цэнтральным РАУСе. Я буду высвятляць ягоныя дадзеныя і не толькі я. Ён шмат каго збіваў, здзекаваўся і атрымліваў ад гэтага задавальненне», – заявіў спадар Кавалгін.

Каля сценаў ізалятару адбылася сапраўдная музычная праграма

Таксама да акцыі салідарнасці ў Менску далучыліся прадстаўнікі Свабоднага тэатру.

«Я веру, папросту адчуваю, тое што ўнутры ў людзях нешта змяняецца, змяняецца да лепшага», – шчыраваў паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

Пра здзекі ды катаванні казалі сёння ў Гомлі

Тут таксама на свабоду выходзілі пакараныя за ўдзел у нядаўніх пратэстах. Ізалятар часовага ўтрымання пакінулі, між іншымі, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Васіль Палякоў і Валер Рапнін.

«Першы дзень я галадаваў, таму што былі зачыненыя вокны, не было доступу паветра», – паскардзіўся Валер Рапін.

Далёка не ўсіх удалося прывітаць каля сценаў ізалятару

Некаторых удзельнікаў пратэстаў пасля вызвалення вывозілі ў горад. Іхныя сваякі доўгі час не ведалі пра лёс сваіх блізкіх.

«Гэта так мярзотна. Ад гэтага ў чалавека, у якога слабое сэрца можа памерці. Мы думалі, што яго ўжо ніколі не ўбачым. Яго там няма, яго тут няма», – абуралася бабуля пакаранага арыштам.

Гэткія выкраданні мелі месца ўчора ў розных кутках Беларусі

У Горадні міліцыянты вывозілі з ізалятару актывіста БХД Сяргея Верамеенку. Ягоныя сябры літаральны вырвалі яго з рук асобаў у цывільным.

У Горадні сёння працягваўся судовы канвеер

Дзесяць і сем содняў арышту атрымалі ўдзельнікі пратэстаў Антон Вайцехаў і Мікалай Салянік. Яшчэ аднаго актывіста, Вадзіма Саранчукова, пакаралі штрафам на Br 345.

Ян Бабіцкі, «Белсат»